8 снежня 2021 году з ініцыятывы ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Віцебскі абласны суд ліквідаваў дзве некамерцыйныя арганізацыі: «Наваполацк. Чарнобыль-цэнтр» і «Моладзевы культурна-адукацыйны цэнтр «Ростань». Толькі ў другім паўгоддзі 2021 году з ініцыятывы выканаўчых уладаў вобласці былі закрытыя 28 грамадскіх арганізацыяў і некамерцыйных устаноў.

Судовая калегія Віцебскага абласнога суду пастанавіла абвінаваўчы прысуд у дачыненні 68-гадовага жыхара Віцебску, якога вінавацілі ў хуліганстве, пагрозе забойствам і замаху на жыццё супрацоўніка ўнутраных спраў. Яго прызналі вінаватым і асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры. 

14 снежня суд Полацкага раёну працягнуў разбор крымінальнай справы па абвінавачванні Руслана Слуцкага ў замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама ў акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК). Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядацелі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Таццяна Шабека.

10 снежня суд Наваполацку вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні 35-гадовага жыхара гэтага гораду. Суд палічыў даказаным, што навапалачанін у жніўні 2020 годау ўдзельнічаў у сутычках з міліцыяй і ўжыў гвалт у дачыненні супрацоўніка МУС - прычыніў траўмы галавы, паламаў нос.

Суд Наваполацку асудзіў 40-гадовага мясцовага жыхара на два з паловай года калоніі за тое, што падчас пратэставай акцыі ў жніўні 2020 году ён, па версіі следства, чыніў супраціў міліцыянту пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, пры гэтым нібыта ўжыў у дачыненні супрацоўніка МУС гвалт. Суд таксама пастанавіў выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.