Серада, 10 Лістапад 2021

Навапалачаніна могуць пасадзіць на 15 гадоў за прабітыя колы ўдзельнікаў праўладнага аўтапрабегу

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Віцебская транспартная пракуратура накіравала ў суд Полацкага раёну крымінальную справу ў дачыненні 38-гадовага жыхара Наваполацку Руслана Слуцкага. Яму ставяць у віну прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў (ч.1 арт. 309 КК РБ) і акт тэрарызму (ч.1 ст. 289 КК РБ). Па выстаўленых абвінавачаннях суд можа прызначыць Слуцкаму максімальнае пакаранне - 15 гадоў пазбаўлення волі.

Па версіі следства, абвінавачаны ўчыніў злачынныя дзеянні, адгукнуўшыся на заклікі пратэставых тэлеграм-каналаў разбураць інфраструктуру «Беларускай чыгункі». Следства сцвярджае наяўнасць доказаў таго, што ў кастрычніку 2020 году ў Віцебскім рэгіёне абвінавачаны ў мэтах замыкання рэйкавага ланцугу чыгуначных пуцей спрабаваў замацаваць падрыхтаваныя загадзя фрагменты металічнага кабелю.

Таксама следчыя ўпэўненыя ў тым, што Руслан Слуцкі ўласнаручна вырабіў металічныя «вожыкі», каб пашкодзіць аўташыны, і 14 лістапада 2020 году раскідаў іх на ўчастку шашы «Віцебск – Полацк». Гэтыя дзеянні прывялі да таго, што некалькі аўтамабіляў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!», пракалолі шыны.

Паводле экспертаў, сваімі дзеяннямі Слуцкі нанёс шкоду, роўную 600 рублям.

На думку следчых, менавіта ў гэтым дзеянні і заключаецца «акт тэрарызму» Руслана Слуцкага.

Таксама, следства прыйшло да высновы, што злачынствы не былі даведзеныя да завяршэння «па незалежных ад выканаўца прычынах».

На днях транспартная пракуратура пагадзілася з абвінаваўчым актам і накіравала крымінальную справу ў суд.

Віталь Кажух