Кастрычніцкі райсуд Віцебску адмовіў двум актывістам, якія хацелі ў судовым парадку змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку падпісаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Але суд не пагадзіўся прызнаць, што забарона вынесеная з парушэньнямі — як адпаведнага рашэньня выканкаму, так і беларускага заканадаўства.

Актывістка Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (БПР РЭП) Алена Шандзюкова зьвярнулася ва Ўпраўленьне сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці з заявай, у якой яна просіць прыцягнуць групу віцебскіх адвакатаў і судзьдзю Кастрычніцкага суду Віцебску да крымінальнай адказнасьці.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд скаргі актывістаў Хрыстафора Жаляпава і Аляксея Гаўруцікава. Яны прасілі суд абавязаць раённую адміністрацыю даць ім замест атрыманай імі адмовы — дазвол на пікет супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў. Але судзьдзя Вольга Іванова не падтрымала патрабаваньне актывістаў, якія прасілі ўмяшаньня суду ў працэдуру атрыманьня дазволу.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, у дачыненні да Ніны Шубінай, якая была старшынёй участковай камісіі № 52 Першамайскага раёну Віцебску на мінулых выбарах, мусіла праводзіцца праверка наконт парушэньня выбарчага заканадаўства. Але сама спадарыня Шубіна бясьсьледна зьнікла. З прычыны таго, што апытаць Ніну Шубіну немагчыма, праваабаронцу чарговы раз адмовілі ў тым, каб распачаць супраць яе крымінальную справу.

Сябра прафсаюзу РЭП Алена Шандзюкова зьвярнулася з пазовам у суд, каб спагнаць зь юрыдычнай кансультацыі № 2 Віцебску і Віцебскай абласной калегіі адвакатаў па адным мільёне рублёў маральнай шкоды. Прычынай такога беспрэцэдэнтнага пазову сталі адмова адваката Натальлі Станкевіч ў аказаньні юрыдычнай дапамогі актывістцы і пазыцыя намесьніка Віцебскай абласной калегіі адвакатаў Алены Барашкавай, якая заклікала спадарыню Шандзюкову наогул адмовіцца ад разгляду яе грамадзянскай справы ў судзе.