10 снежня суд Наваполацку вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні 35-гадовага жыхара гэтага гораду. Суд палічыў даказаным, што навапалачанін у жніўні 2020 годау ўдзельнічаў у сутычках з міліцыяй і ўжыў гвалт у дачыненні супрацоўніка МУС - прычыніў траўмы галавы, паламаў нос.

Суд Наваполацку асудзіў 40-гадовага мясцовага жыхара на два з паловай года калоніі за тое, што падчас пратэставай акцыі ў жніўні 2020 году ён, па версіі следства, чыніў супраціў міліцыянту пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, пры гэтым нібыта ўжыў у дачыненні супрацоўніка МУС гвалт. Суд таксама пастанавіў выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў. 

7 снежня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску агучыў прысуд у справе, заведзенай на былога супрацоўніка МУС Аляксандра Жалязоўскага за абразу ў інтэрнэце прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). 50-гадовага віцябляніна прызналі вінаватым і асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Апроч таго, Жалязоўскі мусіць выплаціць пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

30 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Віцебску не задаволіў просьбы Кастрычніцкага РАУС аб змяненні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў дачыненні былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Супрацоўнікі РАУС хацелі зрабіць рэжым нагляду больш жорсткім, бо, на іх думку, Жамчужны «не стаў на шлях выпраўлення» – парушыў на ровары правілы дарожнага руху. Суд палічыў патрабаванні міліцыянтаў неабгрунтаванымі.

2 снежня 2021 году тэлеграм-канал вядомага беларускага палітолага і журналіста Арцёма Шрайбмана быў прызнаны экстрэмісцкім. Адпаведную пастанову вынес суд Чыгуначнага раёну Віцебску. Рашэнне прымала суддзя  Святлана Варатынская. Матэрыялы, па якіх было прынятае гэтае рашэнне, былі падрыхтаваныя сёмым упраўленнем (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС РБ.