25 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску абвясціў рашэнне ў крымінальнай справе паводле артыкулу 370 КК РБ («Здзек над дзяржаўнымі сімваламі»). Суддзя Алена Жук прызнала 26-гадовага Дзмітрыя Карпінскага вінаватым у знеслаўленні афіцыйнага сцягу і прысудзіла мужчыну да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі. Першае паседжанне адбылося 23 лістапада.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 23 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы за здзек над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК). 26-гадовага Дзмітрыя Карпінскага абвінавачваюць у тым, што ён сарваў з будынку сцяг, надарваў яго і выкінуў у сметніцу, а дрэўка зламаў. Калі віна будзе даказаная, мужчыне пагражае да трох гадоў калоніі. Сваю віну Карпінскі прызнаў часткова. Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 36 рублёў 67 капеек.

Судом Дубровенскага раёну быў вынесены прысуд паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») у дачыненні 40-гадовага мясцовага жыхара Юрыя Свіцына. Па версіі следства, ён абразіў пракурора Дубровенскага раёну Міхаіла Пацеева. Суд прызначыў пакаранне абвінавачанаму ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штрафам у 2900 рублёў.

19 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску абвесціў вырак у справе 21-гадовай віцяблянкі Александрыны Міхаложынай, абвінавачанай паводле арт. 341 КК. За псаванне маёмасці і «дэструктыўны» надпіс «3%» на шапіку «Табакерка», які належыць «Віцебск-тытунь» СЗАТ «Энерга-оіл», суд пакараў Міхаложыну штрафам у памеры 100 базавых велічынь і, такім чынам, цалкам задаволіў патрабаванне пракуратуры.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 18 лістапада разглядалася чарговая адміністрацыйная справа за налепку на аўтамабілі. 43-гадовага Уладзіслава Цітова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за невялікі герб Пагоня на багажніку. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Цітоў віны не прызнаў і заявіў, што не мае ніякага дачынення да налепкі.