Віцебскі абласны суд 30 лістапада разгледзеў апеляцыйную скаргу 46-гадовага Ігара Галубоўскага на рашэнне суду Першамайскага раёну, які пакараў яго абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў за каментар на адрас міліцыянта з Ганцавічаў Ігара Вольніча. Мужчына быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ). Ён ужо выплаціў «пацярпеламу» 1500 рублёў маральнай кампенсацыі.

У Віцебскім абласным судзе 30 лістапада адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Юліі Алейнік і яе адваката на рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, які аштрафаваў яе на 90 базавых велічыняў за надпіс «БЧБ Жыве» на каналізацыйным калектары ў Віцебску. Суддзя Сняжана Кіндзеева палічыла яе вінаватай у пашкоджанні маёмасці (арт. 341 КК РБ). Незадоўга да суду яе адлічылі з мастацка-графічнага факультэту («худграф») ВДУ.

Віцебскага актывіста і музыку Уладзіміра Булаўскага асудзілі яшчэ ў дзень затрымання 26 лістапада на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведамілі праваабаронцы, Уладзімір Булаўскі прызнаны вінаватым у «непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП). Стала вядома, што 29 лістапада ў ізалятары часовага ўтрымання для Булаўскага прынялі перадачу.

26 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні 45-гадовага прадпрымальніка Алега Дзмітрачэнкі. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і прыгаварыў да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі («хімія»). Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Юрчанка. Пракуратура прасіла суд пакараць Дзмітрачэнку двума з паловай гадамі абмежавання волі.

25 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць справу, заведзеную на 45-гадовага прадпрымальніка Алега Дзмітрачэнку. Паводле арт. 369 КК мужчыну абвінавачваюць у абразе былога старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага пры выкананні ім службовых абавязкаў. Пацярпелы Сташэўскі ў сувязі са службовымі акалічнасцямі на судовае паседжанне не з’явіўся. Суд прыняў рашэнне разглядаць справу без яго.