Жыхарам Бешанковічаў, дзе ў 2024г. запланава правядзенне абласных «Дажынак», варта запомніць амбітныя абяцанні мясцовых уладаў. Бо, як паказвае практыка, чым бліжэй святкаванне, тым меней грошай застаецца на выкананне абяцанага. Раённая газета «Зара» абяцае, што да свята хлебаробаў у Бешанковічах будзе пабудаваны басейн, зробяць капітальныя рамонты ў 13-ці шматкватэрных дамах і бягучыя – яшчэ ў 20-ці дамах. Праўда, да добраўпарадкавання пад’ездаў і прыдамавых тэрыторый плануюць прыцягваць жыхароў і іх уласныя фінансавыя сродкі.

У тэлеграм-канале «Северная столица (Vitebsk news)” з“явілася «пакаяннае» відэа вельмі дзіўнага фармату: замест твараў затрыманых, якія распавядаюць пра тое, як яны парушылі заканадаўства, глядач бачыць анімаваныя выявы. Не выключана, што яны маюць знешняе падабенства з рэальнымі людзямі. Але раней лічылася, што менавіта ў тым і заключаецца карысць ад «пакаянных» відэа: каб чалавека пазнавалі родныя, блізкія і калегі, і яму было сорамна за свае ўчынкі. Калі ж чалавечымі галасамі размаўляюць анімаваныя персанажы, гэта выглядае як блюзнерства і здзекі.

Камітэт дзяржкантролю праверыў, наколькі адпаведна вядзецца праца з кадрамі ва ўстановах вобласці. У сямі раёнах праблемы з кадрамі відавочныя: ёсць шмат незапоўненых вакансій, тады як мелі месца факты звальнення запатрабаваных спецыялістаў. Сярод «лідараў» па праблемах з кадравым забеспячэннем – Сенненскі і Шумілінскі раёны і г. Наваполацк.

У конкурсе ўзялі ўдзел 50 работ, выкананых у розных тэхніках. Абавязковай умова было, каб пры малюнку была тлумачальная запіска наконт задумкі аўтара. Пераможцам конкурсу стаў 11-гадовы віцебскі школьнік Кірыл Нікалаеў, які даслаў некалькі сваіх мастацкіх твораў, і адзін з іх прызнаны найлепшым.

На думку адказных работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, на Віцебшчыне не забяспечваецца падтрыманне стабільнасці і эфектыўнасці вытворчасці сельгаспрадукцыі. Паводле даных за студзень - красавік бягучага года тэмп росту валавой прадукцыі ў сельгасарганізацыях склаў 102,1 працэнта пры заданні 104 працэнты. З улікам шматмесячнай засухі ў 2023 годзе страты ў галіне могуць скласці каля 15% у параўнанні з мінулым годам.