Пятніца, 24 Май 2024

Лепельскія міліцыянты збіраюцца навесці парадак у сельскай мясцовасці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лепельскага РАУС Алег Аўтух праз мясцовую прэсу. Для гэтага яны рэалізуюць мерапрыемства пад назвай «Комплекс дадатковых мер па забеспячэнні дысцыпліны і грамадскага парадку ў сельскай мясцовасці».

У межах гэтага мерапрыемства міліцыянты ставяць перад сабой мэты павышэння ўзроўню працоўнай дысцыпліны на аб'ектах аграпрамысловага комплексу, аказання карэктуючага ўздзеяння ў адносінах да асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, уключэння ў працоўную дзейнасць асоб, незанятых у эканоміцы, зніжэння ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва.

Лепельскія міліцыянты збіраюцца падвышаць і  ўзровень узаемадзеяння АУС, сельскіх выканаўчых камітэтаў, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, сельгасарганізацый, іншых зацікаўленых па папярэджанні асацыяльных паводзін грамадзян і ўключэнне іх у занятасць.

Цікавая задача, якую ставяць перад сабой лепельскія міліцыянты, гэта аказанне папераджальнага ўплыву ў адносінах да грамадзян, якія пражываюць у жылых памяшканнях, якія стаяць на ўліку ў АУС (аддзеле ўнутраных спраў). Пад так званым “папяраджальным уплывам” можна мець на ўвазе што заўгодна, не толькі назойлівыя наведванні міліцыянтаў з прафілактычнымі гутаркамі.

Таксама міліцыянты Лепеля збіраюцца ўзмацніць абарону пажылых грамадзян ад злачынных замахаў. Відаць, тут у іх значная недапрацоўка, бо махляры і далей працягваюць падманваць мясцовых жыхароў.

Як зазначае намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лепельскага РАУС Алег Аўтух, у рамках правядзення комплексу асаблівую ўвагу міліцыянты скіруюць на непрацуючым грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, якія жывуць са састарэлымі грамадзянамі або выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

Раман Ляшкевіч