23.05.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі мужа і жонку з Брэста

Як высветліла @mediazona_by, затрыманыя – Аляксандр і Кацярына Сергіевічы. У іх ёсць васьмігадовая дачка.

Маму Кацярыны асудзілі за "абразу" Лукашэнкі. Пасля яе затрымання жанчына звярнулася па кансультацыю да праваабаронцаў - перапіску з імі апублікаваў праўладны канал.

Да Аляксандра прыйшлі праз ягоны ўдзел у пратэстах.

Папаўненне ў "спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў"

У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі Instagram актывісткі Юліі Міцкевіч і медыцынскі чат у вайберы.

Акрамя таго, туды трапіла старонка арганізацыі Dapamoga ў Фэйсбуку і старонка беларускай дыяспары ў Літве ў Instagram.

У Беларусі абмежавалі доступ да сайта для прызыўнікоў povestka.org

На патрабаванне пракуратуры ў Беларусі абмежавалі доступ да сайта для прызыўнікоў povestka.org, сказана на афіцыйным сайце ведамства.На думку пракуратуры, на сайце публікавалася Інфармацыя «якая прапагандуе спосабы ўхілення» ад службы. Гэта, як сказана ў паведамленні, «супярэчыць нацыянальным інтарэсам дзяржавы».

Партал парушыў закон аб СМІ, палічылі ў пракуратуры.

Сайт povestka.org прапануе юрыдычныя кансультацыі для прызыўнікоў. "Замові кансультацыю па легальных спосабах адтэрміноўкі ў войска", - напісана на галоўнай старонцы.

Былога кіраўніка Віцебскага аддзялення БНФ Язэпа Дулебу пасля арышту перавялі ў СІЗА

Як піша "Віцебская Вясна", яго затрымалі 7 траўня. Суд арыштаваў яго на 15 сутак за "падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы". Па заканчэнні тэрміну яго перавялі ў СІЗА.3 траўня МУС дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» групу FreeInfoBel. У яе ўдзельніках былі пазначаны Іосіф Дулеба і Вольга Пашкевіч.

Крыніца: Новая крымінальная справа і папаўненне ў "экстрэмісцкім спісе": хроніка пераследу 23 траўня