Аргкамітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) заклікае ўсе незалежныя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі прызнаць віцебскага лекара Ігара Пастнова вязьнем сумленьня. “БХД выказвае рашучы пратэст супраць выкарыстаньня псыхіятрычных лячэбных устаноў Беларусі з рэпрэсіўнымі мэтамі, — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы. — Мы зьвяртаем увагу на тое, што ў Беларусь вяртаецца савецкая практыка карнай псыхіятрыі. Віцебскага доктара Ігара Пастнова, які неаднаразова выступаў з крытыкай улады, ужо амаль месяц прымусова ўтрымліваюць у псыхбольніцы”.

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае, што арышт ксяндза Лазара прымусіць Ватыкан «адкрыць» Эўропу беларускаму рэжыму. Такое меркаваньне выказаў палітвязень Павал Севярынец, камэнтуючы абвінавачваньне ксяндза Лазара ў здрадзе дзяржаве: «Для сёньняшняга рэжыму царква ў цэлым - гэта чужая сіла і пагроза. А кошт тых абвінавачаньняў, якія фабрыкуюцца ў турме КДБ, мы добра ведаем і ня верым ні сьледзтву, ні працэсам у духу сталінскіх часоў».

Пакараны годам і 6 месяцамі зьняволеньня 23-гадовы грамадзкі актывіст, былы рабочы наваполацкага “Нафтану” Андрэй Гайдукоў пераведзены зь Віцебскага сьледчага ізалятару ў Магілёўскую калёнію №19. Паводле слоў яго сястры Марыі, пра гэта даведаліся родныя зьняволенага, калі прынесьлі ў сьледчы ізалятар перадачу.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заступілася за віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага згодна з рашэньнем суду ў вар’ятню дзеля прымусовага лячэньня. Арганізацыя заклікала ўсіх неабыякавых да тэрміновай акцыі: напісаць на беларускай, расейскай, ангельскай або сваёй роднай мове лісты на адрас міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко і генпракурора Аляксандра Канюка.

Прысуд па справе Андрэя Гайдукова Вярхоўным судом Беларусі пакінуты безь зьменаў, ён уступіў у законную сілу. Пра гэта паведамілі ў ВС. 27 жніўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела ў касацыйным парадку скаргу абвінавачанага Андрэя Гайдукова 1989 года нараджэньня і яго абаронцаў на прысуд Віцебскага абласнога суду ад 1 лiпеня 2013 году. Гэтым прысудам Гайдукоў прызнаны вінаватым у замаху на ўстанаўленьне супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове з разьведвальным органам замежнай дзяржавы.