Заклапочанасьць наконт умоваў утрыманьня пад вартай вязьня Ігара Аліневіча выказала дэпутатка парлямэнту ФРГ Марылуізэ Бэк. Яна напісала ліст амбасадару Беларусі ў Нямеччыне з патрабаваньнем стварыць годныя ўмовы турэмнага ўтрыманьня палітвязьню.

Палітвязень Ігар Аліневіч правёў у ШЫЗА Віцебскай калёніі 30 сутак. Ён быў пакараны штрафным ізалятарам за адмову мыць месцы агульнага карыстаньня.

Кіраўніцтва папраўчай калёніі «Віцьба-3» выказала пагрозу перавесьці палітвязьня на камэрнае ўтрыманьне. «На канец верасьня было заплянаванае нашае спатканьне з сынам, аднак за пару дзён нам патэлефанавалі з адміністрацыі «Віцьбы-3» і паведамілі, што спатканьне пераносіцца на нявызначаны тэрмін, паколькі Ігара за дысцыплінарнае парушэньне пакаралі дзесяцьцю днямі штрафнога ізалятару, - сказала маці Ігара Валянціна. - Празь дзесяць дзён мы даведаліся, што за першым ШІЗА быў і другі, а за другім – трэці».

Ігар Аліневіч правядзе ў штрафным ізалятары 10 дзён. Пра гэта паведаміла маці палітвязьня Валянціна Аліневіч: «На мінулым тыдні зьбіраліся да Ігара на кароткатэрміновае спатканьне, і тут нам паведамляюць, што ён у штрафным ізалятары, - распавяла яна. - Як гром зь яснага неба. Рэч у тым, што літаральна пры канцы чэрвеня яго перавялі ў новую калёнію, якая адрозьнівалася ад ранейшай, наваполацкай, сваёй экалёгіяй, бачнасьцю захаваньня законнасьці, бытавымі ўмовамі і г.д. Увесь гэты час Ігар пазытыўна адгукаўся пра больш-менш чалавечыя ўмовы ў гэтай калёніі і, пра цуд - яму нават дазволілі набыць тэлефонную картку і патэлефанаваць першы раз за паўгода ў першай дэкадзе верасьня. Напэўна, проста прыглядаліся».

Палітвязьня Ігара Аліневіча перавялі ў калёнію “Віцьба-3”, дзе раней адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Бацька палітвязьня Ігара Аліневіча Ўладзімер Аліневіч паведаміў, што ягонага сына перавялі з наваполацкай калёніі ў калёнію “Віцьба-3”, якая знаходзіцца непадалёк ад Віцебску.