Пятніца, 20 Чэрвень 2014

Алесь Бяляцкі – на волі!

Алесь Бяляцкі выйшаў на свабоду. Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» патэлефанаваў жонцы Натальлі Пінчук і паведаміў, што ён вызвалены і едзе ў Менск на электрычцы з Бабруйску. Да канца яго тэрміну заставалася яшчэ больш за паўтара году, але Бяляцкага нечакана выпусьцілі па амністыі.

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, распавяла пра няўдалыя спробы сына пачаць навучаньне ў калёніі: «Адразу ён спрабаваў працаваць па спэцыяльнасьці, якая блізкая да ягонай адукацыі, а ён закончыў радыётэхнічны. Але яго ня бралі ні на якую. А летась узялі ў ПТВ на краўца, але празь месяц адхілілі ад вучобы. Ведаю, што ён падаваў заяву на навучаньне на краўца, але зноў не ўзялі».

За былым палітвязьнем Андрэем Гайдуковым, які 8 траўня выйшаў на волю з папраўчай калёніі “Віцьба-3″ пасьля паўтара года зьняволеньня, устаноўлены прафіляктычны нагляд. “На падставе артыкулу, паводле якога я адбываў пакараньне, нагляд з боку МУС мне даць ня могуць. Але КДБ устанавіў свой прафіляктычны нагляд, афіцыйна азнаёміўшы мяне, што ў дачыненьні да мяне распачатыя прафілактычныя справы, — паведаміў актывіст. — Гэта ім дае легальна ажыцьцяўляць праслухоўваньне, назіраньне за мной, прыходзіць да мяне ў любы час дня і ночы. Ім гэта трэба, каб легалізавацца на выпадак далейшых сваіх дзеяньняў у дачыненьні да мяне”.

Вызваленьне з калёніі «Віцьба-3» палітвязьня Андрэя Гайдукова стала сапраўднай спэцапэрацыяй, арганізаванай з мэтай не дапусьціць ягоную сустрэчу ля турэмнай брамы. Андрэю Гадукову загадалі пачаць зьбіраць рэчы а 6-й раніцы, хоць звычайна з калёніі выпускаюць аб 11-й. А 7-й яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезьлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў. Такім чынам, каля турэмнай брамы яго сустрэць не ўдалося.

Палітвязень Андрэй Гайдукоў, па зьвестках праваабаронцаў, 6 красавіка быў пераведзены з калёніі ў Магілёве ў папраўчую калёнію “Віцьба-3”. 8 траўня сканчаецца тэрмін ягонага зьняволеньня, і таму прычыны такога пасьпешлівага пераводу патлумачыць цяжка.