13 траўня беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай аб прызнанні палітычнымі зняволенымі 10-ці актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Сярод іх – Васіль Бераснеў, кіраўнік аршанскай суполкі прафсаюзу РЭП, затрыманы 19 красавіка 2022 году ў шэрагу іншых прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Яго ўтрымліваюць у менскім СІЗА-1.

Праваабарончая супольнасць прызнала  палітзняволенымі яшчэ 30 чалавек, сярод якіх жыхар Барані (мястэчка пад Воршай) Арцём Ляшнеўскі і двое жыхароў Воршы – Вячаслаў Лютынскі і Дзмітрый Матусевіч. Ляшнеўскі быў асуджаны за каментар пад фота супрацоўніка ДАІ ў сацсетках, ён адбывае 2,5 гады «хіміі» у папраўчай калоніі №29 у Ваўкавыску.

У судзе Віцебскага раёну 5 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу на чатырох мясцовых жыхароў за «экстрэмісцкія перформансы». Абвінавачаныя – палітвязні Ірына Пярцова, Арцём Латышаў, Кацярына Макарэвіч і Юля Лабунова. Справу разглядае суддзя Міхаіл Зубеня.

Па рашэнні адміністрацыя Наваполацкай калоніі №1, дзе адбывае пакаранне палітвязень, змясціла яго ў штрафны ізалятар на 20 сутак. Не выключана, што знаходжанне ў ізалятары асуджанага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы будзе працягнута, калі кіраўніцтва калоніі палічыць неабходным у выхаваўчых мэтах. 

Жыхары Віцебску прапануюць арыгінальны спосаб падтрымкі палітзняволеных, якіх утрымліваюць у папраўчай калоніі №3. У гэтай калоніі транслююць праграмы «Радыё Віцебск», а значыцца, у кожнага ахвотнага ёсць магчымасць перадаць прывітанне або павіншаваць палітвязняў такім незвычайным чынам.