Нядзеля, 08 Май 2022

Яшчэ траіх аршанцаў прызналі палітвязнямі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Праваабарончая супольнасць прызнала  палітзняволенымі яшчэ 30 чалавек, сярод якіх жыхар Барані (мястэчка пад Воршай) Арцём Ляшнеўскі і двое жыхароў Воршы – Вячаслаў Лютынскі і Дзмітрый Матусевіч. Ляшнеўскі быў асуджаны за каментар пад фота супрацоўніка ДАІ ў сацсетках, ён адбывае 2,5 гады «хіміі» у папраўчай калоніі №29 у Ваўкавыску.

Аршанцы Вячаслаў Лютынскі і Дзмітрый Матусевіч чакаюць суду ў віцебскім СІЗА-2, іх вінавацяць у спаленні беларускага дзяржаўнага сцягу.

Суд над Арцёмам Ляшнеўскім, машыністам чыгункі, адбыўся 2 лютага ў судзе гораду Воршы і Аршанскага раёну. Суддзя Святлана Кузмічонак прызнала яго вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу РБ (Абраза прадстаўніка ўлады) – за тое, што ў адной з сацсетак ён пакінуў абразлівы каментар на адрас гарадзенскага супрацоўніка ДАІ Вайцяшонка. На судовае пасяджэнне былі запрошаныя эксперт-лінгвіст і супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія праводзілі ператрус у кватэры Ляшнеўскага.

Дарэчы, эксперты не змаглі адназначна сцвердзіць, што абразлівы каментар адрасаваны менавіта Вайцяшонку, бо ён быў напісаны абстрактна, без указання імёнаў. Але вызначальную ролю адыграла тое, што каментар быў размешчаны пад допісам пацярпелага. Супрацоўнік ДАІ адмовіўся ад маральнай кампенсацыі і прасіў строга не караць Арцёма. Аднак суд прысудзіў менавіта такое пакаранне, якога патрабавала пракуратура, і не прыняў да ўвагі хадайніцтва калег падсуднага, якія прасілі пакараць яго «хатняй хіміяй» з умовай працы на аршанскай чыгунцы, дзе бракуе кваліфікаваных адмыслоўцаў.

Абскардзіць прысуд Арцёму Ляшнеўскаму не ўдалося, з 29 красавіка асуджаны знаходзіцца пад вартай.

Пра інцыдэнт з удзелам Вячаслава Лютынскага і Дзмітрыя Матусевіча вядома няшмат. Хіба толькі тое, што аршанцаў затрымалі 18 студзеня 2022 году каля крамы, дзе яны набылі чырвона-зялёны сцяжок. Паводле УУС Віцебскага аблвыканкаму, затрыманыя спрабавалі яго спаліць тут жа, каля крамы, але гэта не атрымалася. Цяпер абодвух вінавацяць паводле артыкулу 370 Крымінальнага кодэксу (Здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Юрка Жмых