Дзень народзінаў у палітзняволенага апазіцыйнага палітыка будзе 12 жніўня. Мікалай Статкевіч вымушаны сустрэць сваё свята ў глыбоцкай калоніі, увогуле ж за кратамі ён знаходзіцца больш к 790 дзён. Ён быў затрыманы 31 траўня 2020 г. па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. 14 снежня 2021 г. яго асудзілі на 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

Актывіста руху анархістаў, які адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі «Віцьба-3», кінулі ў штрафны ізалятар на 10 сутак 29-га ліпеня, гэта быў якраз ягоны дзень народзінаў. У выніку ён не трапіў на запланаванае кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання – так робяць з усімі палітзняволенымі ў некаторых калоніях. З першага дня ў ПК-3 яго паставілі на асаблівы ўлік як «асобу, схільную да ўцёкаў».

Суд Санкт-Пецярбурга падоўжыў на тры месяцы ўтрыманне ў СІЗА Яны Пінчук, якую хочуць выдаць уладам Беларусі з-за абвінавачання ў вядзенні апазіцыйнага Telegram-канала.

У Інстаграме зʼявіўся праект «Палітвязынкі» (@politvyazanka), які распавядае пра лёсы зняволеных за палітыку жанчын. Яго ствараюць журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур. Кожны пост складаецца з партрэта і кароткай гісторыі гераіні, і такіх допісаў на дадзены момант 23. Адзін з іх прысвечаны Эме Сцепулёнак, настаўніцы з Мёраў, якую ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.

Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за два гады: 25 чэрвеня 2020 г. ён быў затрыманы, а ў снежні 2021 г. быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне варожасці ці варажнечы»). Сёлета 22 чэрвеня Ігара Лосіка накіравалі ў наваполацкую ПК №1, а да яго дадому днямі прыйшлі судовыя выканаўцы ды арыштавалі маёмасць.