12 жніўня 2022г. у судзе Першамайскага раёну ён быў вынесены прысуд Аляксею Мацявіну, абвінавачанаму паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Суддзя Юрый Урбан прысудзіў віцябляніну паўтара гады калоніі за каментар у тэлеграм-чаце, прызнаным экстрэмісцкім. 19 жніўня праваабарончая супольнасць прызнала Аляксея Мацявіна палітзняволеным.

Праект «Палітвязынкі» (@politvyazanka), з якім можна пазнаёміцца праз Інстаграм, распавядае пра жанчын-палітзняволеных. Яго аўтаркі – журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур. Кожны пост складаецца з партрэта і кароткай гісторыі пра жанчыну, якая цяпер за кратамі. Сярод гераіняў праекту – Ірына Пярцова, Эма Сцепулёнак і Яна Пінчук, ураджэнкі Віцебшчыны.

У лістах, атрыманых жонкай зняволенага палітыка Марынай Адамовіч, ён распавядае пра тое, адкуль бяруцца новыя абвінавачанні супраць ужо зняволеных людзей. І тлумачыць, чаму пісаў заяву пра тое, каб адбываць пакаранне ў адзіночнай камеры: каб захаваць асабістую бяспеку, у тым ліку і ад беспадстаўных абвінавачанняў у «злачынствах, пра якія нібыта распавёў суседзям». Цяпер ён і знаходзіцца ў «адзіночцы» глыбоцкай калоніі № 13, але не паводле ўласнай заявы, а ў якасці пакарання, вынесенага адміністрацыяй.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня быў вынесены прысуд Алегу Яфрэменку, якога абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Вікторыя Палякова асудзіла Алега да яшчэ аднаго года зняволення. Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Вядома, што адміністрацыя магілёўскай турмы рэгулярна змяшчала палітвязня ў ШІЗА.

28-гадовага жыхара Віцебску абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (прадстаўнікоў улады), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у іх), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Судовы працэс над ім праходзіў у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Аднак вядома, што напярэдадні прадстаўнік пракуратуры прасіў пакараць Мікіту Паляонка чатырма з паловай гадамі пазбаўлення волі.