Чацвер, 28 Ліпень 2022

Палітзняволеная Эма Сцепулёнак з Мёраў стала гераіняй новага мастацкага праекту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Інстаграме зʼявіўся праект «Палітвязынкі» (@politvyazanka), які распавядае пра лёсы зняволеных за палітыку жанчын. Яго ствараюць журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур. Кожны пост складаецца з партрэта і кароткай гісторыі гераіні, і такіх допісаў на дадзены момант 23. Адзін з іх прысвечаны Эме Сцепулёнак, настаўніцы з Мёраў, якую ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.

Эма Сцепулёнак на малюнку мастачкі паказана ў беларускім нацыянальным строі, і гэта не выпадкова: шмат гадоў спадарыня Эма выкладала беларускую мову і добра ўмела зацікавіць вучняў сваім прадметам. 68-гадовую жанчыну затрымалі напрыканцы верасня 2021года за каментар у сацсетках па «справе Зельцара», з тае пары яе трымаюць пад вартай у Віцебскім абласным СІЗА ўжо больш за 10 месяцаў. Следства высунула супраць яе абвінавачанні па 2-х крымінальных артыкулах: 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Сталася так, што жанчына не мае ўласнай сям’і, а найбліжэйшыя сваякі жывуць у Расеі. Таму вельмі важна падтрымаць Эму Сцепулёнак у зняволенні, і гэта добра разумеюць віцебскія актывісты, якія рэгулярна ладзяць для яе перадачы. Пэўныя праблемы існуюць з ліставаннем: сама зняволеная ў лістах падкрэслівае, што карэспандэнцыі стала меней. Але гэта звязана перадусім з абмежаваннямі цэнзуры, лічаць праваабаронцы. І ўсё-ткі яны заклікаюць падтрымліваць палітзняволеную лістамі, дасылаючы іх на адрас: 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, СІЗА-2, Эме Антонаўне Сцепулёнак

Што да праекту «Палітвязынкі», то адна з яго стваральніц, журналістка Яўгенія Доўгая, кажа:

«Я з 2020 года ўчытваюся ў гісторыі жанчын-палітвязняў – гэта жах. Іх прасуюць, здзекуюцца з іх, ствараюць зусім дзікія ўмовы ўтрымання, шантажуюць дзецьмі. І на фоне насмешак пра «з кветачкамі хадзілі» за жанчын балюча ўдвая і ўтрая. А на самой справе, у нас сярод жанчын-палітвязняў ёсць і па цяжкіх артыкулах – і за «здраду дзяржаве», і за «акт тэрарызму». І ўсё гэта за грамадзянскую пазіцыю».
Абедзве аўтаркі мараць, што ў будучыні праект перарасце ў кніжку. А ў Інстаграме неўзабаве можна будзе спампаваць партрэты ў добрай якасці, каб надрукаваць такі прынт, напрыклад, на цішотку. Таксама дзяўчаты зараз думаюць над тым, як трансфармаваць праект, каб ён мог дапамагаць палітзняволеным і іх сем’ям яшчэ і фінансава.

Феліцыян Красоўскі