Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон у дзённы час. Напрыканцы ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Ёсць звесткі аб тым, што ў ПК-12 з боку адміністрацыі ў дачыненні да зняволеных практыкуюцца здзекі, у "зоне" для хворых ежа і санітарныя ўмовы не адпавядае медыцынскім нормам, у турэмны магазін завозяцца тавары, цэны на якія ў разы перавышаюць іх кошты па-за калоніяй.

Пра кур’ёзную забарону, вынесеную палітвязню ў судовым парадку, паведаміла Марына Адамовіч, жонка зняволенага палітыка. Паводле спадарыні Марыны, на падставе таго, што Мікалай Статкевіч не выканаў ранейшае судовае распараджэнне пра выплату 133 тысяч рублёў, суд Маскоўскага раёну Менску абмежаваў яму выезд за мяжу, забараніў удзел у азартных гульнях і наведванне казіно.

35-гадовы супрацоўнік касава-разліковага цэнтру асуджаны да да 4,5 гадоў калоніі. Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 203-1 (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

25 жніўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 10 чалавек, сярод іх Роберт Кузняцоў, жыхар пасёлку Друя Браслаўскага раёну. Суддзя Віцебскага абласнога суду Галіна Бондал прызнала яго вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

44 –гадовы Ігар Мінц працаваў юрысконсультам на ААТ “Нафтан”. Ен быў затрыманы ў верасні мінулага году па справе “Рабочага руху”, мужчыну прыд’яўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага Кодэксу) і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і ўдзеле ў ім (ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага Кодэксу). У чым канкрэтна ягоная віна, не могуць дакладна сфармуляваць нават прапагандысты з беларускага тэлебачання: з фрагментаў відэа, знятых падчас допыту Мінца, вынікае хіба тое, што ён блізка сябраваў са сваім калегам, Аляксандрам Капшулем, таксама абвінавачаным па справе “Рабочага руху”.