Субота, 27 Жнівень 2022

Мікалаю Статкевічу, зняволенаму ў глыбоцкай калоніі, забаранілі наведваць казіно і выязджаць за мяжу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра кур’ёзную забарону, вынесеную палітвязню ў судовым парадку, паведаміла Марына Адамовіч, жонка зняволенага палітыка. Паводле спадарыні Марыны, на падставе таго, што Мікалай Статкевіч не выканаў ранейшае судовае распараджэнне пра выплату 133 тысяч рублёў, суд Маскоўскага раёну Менску абмежаваў яму выезд за мяжу, забараніў удзел у азартных гульнях і наведванне казіно.

На думку жонкі палітвязня, такая пастанова ў дачыненні да чалавека, які ўжо даўно знаходзіцца за кратамі, выглядае смешна і нелагічна. Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020г., асуджаны да 14-ці гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў). З 24 чэрвеня ён знаходзіцца ў глыбоцкай ПК-13 (народная назва «Беразвечча»), дзе адчувае несупынны ціск з боку адміністрацыі. Марына Адамовіч згадвае, што да дня народзінаў, які зняволены палітык адзначаў 12 жніўня, яму не перадалі ніводнай віншавальнай паштоўкі – відавочна дзеля таго, каб дэмаралізаваць палітвязня. У якасці пакарання яго на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру памерам каля 3 кв.м., пазбавілі перадачаў і спатканняў.

Што да забароны на выезд за мяжу, наведвання казіно і г.д , то днямі такую самую пастанову, але з суду Першамайскага раёну,  атрымала вядомая менская актывістка, 75-гадовая Ніна Багінская. Забарона на «забавы» звязана з тым, што ў красавіку ёй прызначылі штраф памерам 1600 рублёў за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Менску на Дзень Волі. Штраф Багінская аплочваць не стала з прынцыповых меркаванняў.

Феліцыян Красоўскі