Нядзеля, 28 Жнівень 2022

Цяжка хворы палітзняволены Павел Вінаградаў схуднеў амаль на 40 кілаграмаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста выявілі сухоты. Раней была інфармацыя, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон у дзённы час. Напрыканцы ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Ёсць звесткі аб тым, што ў ПК-12 з боку адміністрацыі ў дачыненні да зняволеных практыкуюцца здзекі, у "зоне" для хворых ежа і санітарныя ўмовы не адпавядае медыцынскім нормам, у турэмны магазін завозяцца тавары, цэны на якія ў разы перавышаюць іх кошты па-за калоніяй.

Павел Вінаградаў — актывіст, блогер. Быў затрыманы 22 снежня 2021 года ў сябе ў прыватным доме ў Беразіно. 

Вядома, што Павел стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 (Паклёп на прэзідэнта) і арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

На пачатку студзеня 2022 стала вядома аб пераводзе Паўла з ІЧУ АУС Бярэзінскага раёна ў жодзінскую СТ № 8. Праваабаронцам стала вядома, што там на Паўла аказваецца ціск з боку адміністрацыі: яго паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці", а таксама на яго ўжо склалі некалькі рапартаў за "парушэнне правілаў унутранага распарадку". Напрыканцы студзеня Паўла тыдзень утрымлівалі ў ШІЗА.

10 сакавіка 2022 г. у Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы Паўла, які адбываўся ў закрытым рэжыме. 16 сакавіка яго асудзілі да 5 гадоў зняволення.

У красавіку 2022 г. Паўла перавялі ў СІЗА-6.

Суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў 10 чэрвеня 2022 г. разгледзеў скаргу Паўла на прысуд і пакінуў яго без зменаў. На пачатку ліпеня 2022 г. Паўла этапавалі ў ваўкавыскую ПК № 11.

У сярэдзіне ліпеня 2022 г. у палітвязня на рэнтгене знайшлі пляму ў лёгкіх. Павел прайшоў курс антыбіётыкаў, але гэта не прынесла плёну.

28 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс палітвязня ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

28 ліпеня 2022 г. Паўла перавялі з ПК № 11 у аршанскую калонію № 12. Вядома, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон днём — зараз палітвязень афіцыйна прызнаны "злосным парушальнікам рэжыму". У Паўла дыягнаставалі сухоты.

Ліставацца з Паўлам можна па адрасе: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Павел Юр'евіч Вінаградаў ці напісаць яму анлайн:  bit.ly/3PIOcjz.

Алег Кунін