Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 22 лютага меўся агучыць прысуд у крымінальнай справе 22-гадовай Юліі Кашаверавай, абвінавачанай у злосным хуліганстве (ч.2 арт. 339 КК). Але нечакана суддзя Сяргей Будрэвіч прыняў рашэнне ўзнавіць судовае следства для больш дэталёвага вывучэння пэўных матэрыялаў справы. Наступнае паседжанне прызначанае на 23 лютага.

19 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску закончыліся судовыя слуханні ў крымінальнай справе віцяблянкі Юліі Кашаверавай, абвінавачанай у злачынстве паводле часткі 2 артыкулу 339 КК (злоснае хуліганства). Адбыліся судовыя спрэчкі бакоў. Прысуд агучаць 22 лютага.

Полацкі суд 18 і 19 лютага «суткамі» і штрафамі пакараў семярых жыхароў гораду за тое, што яны нібыта фатаграфаваліся на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Чацвёра палачан атрымалі вялікія штрафы, трое прысуджаныя да арыштаў.

Віцебскі прадпрымальнік і дырэктар фірмы Уладзіміру Пунько правёў 7 сутак у ІЧУ за чырвоную паласу на ўласным балконе. Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікетавання (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Суддзя Іна Грабоўская разглядала справу Пунько на выязным пасяджэнні ў ізалятары часовага ўтрымання.

Суд Кастрычніцкага раёну 12 лютага прызнаў віцяблянку Яўгенію Пачэпку вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і вынес ёй папярэджанне. Увесь склад правапарушэння – бел-чырвона-белы сцяг у вакне і такіх жа колераў майкі на балконе. Двое сутак да суду Яўгенія Пачэпка правяла за кратамі ІЧУ.