25 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні пенсіянеркі Тамары Ільіной. Суд прызнаў 64-гадовую жанчыну вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні – менавіта так міліцыя і суд расцанілі акцыю памяці Рамана Бандарэнкі каля мемарыялу «Боль» у Віцебску.

Першы крымінальны працэс з ліку распачатых у дачыненні да ўдзельнікаў вулічных шэсцяў пачаўся 24 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску. Віцябляніна Андрэя Цімафеенку вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС падчас «Маршу еднасці» 6 верасня. 

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў 39-гадовага менчука Аляксея Томашава на 594 рублі за ўдзел у вулічным шэсці (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Такое рашэнне 23 лістапада прыняў суддзя Ілля Белавус. Сваёй віны мужчына не прызнаў.

Віцябляніна Максіма Каржыцкага 20 лістапада пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за ўдзел у акцыях, прысвечаных памяці забітага Рамана Бандарэнкі, якія прайшлі ў Віцебску 13 і 15 лістапада. Разгляд справы адбыўся ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. Рашэнне аб арышце мужчыны прыняла суддзя Вераніка Барысава.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў адміністрацыйным арыштам і папярэджаннем жыхароў абласнога цэнтру Таццяну Арэх і Яўгена Іванова за ўскладанне кветак на прыступкі будынку ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкаму. Суд прызнаў іх вінаватымі ва ўчыненні несанкцыянаванага пікетавання (арт. 23.34 КаАП).