31 сакавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі праваабаронцы БХК Ірыны Траццяковай і жыхаркі Віцебскага раёну Таццяны Туравец на пастановы судоў ніжэйшай інстанцыі. Рашэнне суду паводле палітычна матываваных справаў сталіся прадказальнымі: суддзі Андрэй Прэйс і Святлана Іванова скаргі не задаволілі, а рашэнні раённых судоў пакінулі без зменаў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 30 сакавіка прайшоў судовы працэс у дачыненні да трох віцяблян, затрыманых на Дзень волі ля помніку князю Альгерду. Іх вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП). Суд пакараў мужчын адміністрацыйнымі арыштамі – агулам на 35 сутак.

Суд над затрыманай на Дзень волі ў Віцебску Крысцінай Юдзінай прайшоў на тэрыторыі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Ёй прысудзілі 25 сутак арышту. Ці адбыліся суды над іншымі віцяблянамі, якіх затрымалі 25 сакавіка, у тым ліку над кіраўніком абласной філіі БНФ Кастусём Смолікавым, пакуль невядома. З пэўнасцю можна сказаць толькі тое, што яны не на волі.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся грамадзянскі працэс, ініцыяваны шасцю жанчынамі, якіх затрымалі ў лесе пад Віцебскам 13 студзеня і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі, хоць чацвёра затрыманых жанчын ужо ў сталым веку. А на ноч да суду кінулі ў ІЧУ. Але суды ў выніку адмянілі іх справы, і жанчыны падалі пазовы на незаконныя дзеянні міліцыі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 11 сакавіка пачаўся разгляд грамадзянскага пазову былой студэнткі ВДМУ Паліны Нітчанкі да адміністрацыі ўніверсітэту аб адмене дысцыплінарных спагнанняў і аднаўленні яе ва ўстанове адукацыі. Грамадзянскую справу разбірае суддзя Марына Марозава.