28 траўня суд Віцебскага раёну вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да выхавальніцы ў дзіцячым садку Таццяны Туравец. Суддзя Наталля Траццякова прызнала жанчыну вінаватай паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў») і пакарала трыма гадамі абмежавання волі («хімія»). На абвяшчэнне прысуду Туравец, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, не прыйшла.

Суд Першамайскага раёну Віцебску прысудзіў адзін год «хіміі» жыхарцы абласнога цэнтру за абразу міліцыянта ў сетцы інтэрнэт. Судом устаноўлена, што на пачатку кастрычніка 2020 году жанчына, знаходзячыся ў Віцебску, абразіла прадстаўніку ўлады. Ім аказаўся міліцыянт - кіроўца роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі АУС адміністрацыі Першамайскага раёну.

26 траўня ў судзе Віцебскага раёну скончылася судовае следства і адбыліся спрэчкі ў справе выхавальніцы дзіцячага садку Таццяны Туравец, якую вінавацяць паводле арт. 364 КК у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў МУС. Пракурор Мікіта Раманоўскі запатрабаваў для Туравец тры гады калоніі, адвакатка ж прасіла апраўдаць сваю падабаронную. Прысуд агучаць 28 траўня.

24 траўня ў судзе Віцебскага раёну мусілі працягнуцца слуханні ў справе жыхаркі пасёлку Ноўка Віцебскага раёну Таццяны Туравец, абвінавачанай паводле артыкулу 364 КК («Гвалт або пагроза ўчынення гвалту да супрацоўнікаў МУС»). Аднак праз 5 хвілін пасля пачатку паседжання ў працэсе абвясцілі чарговы перапынак.

13 траўня Віцебскі абласны суд вынес рашэнне наконт прыватнай скаргі віцяблянкі Алены Шабуні на пастанову суду Кастрычніцкага раёну аб пакіданні без руху скаргі на рашэнне пракурора Віцебскай вобласці. Скаргу ў аблсудзе разглядаў суддзя Віктар Быстроў. Алена Шабуня на судзе не прысутнічала.