Суд Віцебскага раёну 4 студзеня паўторна разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні 19-гадовай Ангеліны Туравец, абвінавачанай ва ўдзеле ў маршы памяці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 23.34 КаАП) 15 лістапада. Суддзя Наталля Траццякова прызнала дзяўчыну вінаватай і пакарала штрафам у памеры 40 базавых велічынь.

У апошні дзень 2020 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску паўторна разгледзеў справу праваабаронцы Ірыны Траццяковай, якую міліцыянты абвінавацілі ва ўдзеле ў «ланцугу салідарнасці» 19 чэрвеня (ч.1 арт. 23.34 КаАП) – у апошні дзень электаральнай кампаніі для збору подпісаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва. Суддзя Вольга Шапавал пастанавіла спыніць справу праз сканчэнне тэрміну вынясення адміністрацыйнага спагнання. Праваабаронцу такое рашэнне не задаволіла.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы трох віцебскіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у запісе відэазвароту да ўладаў. Ролік са зваротам быў створаны 27 кастрычніка. Студэнтаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 23.23 КаАП). Усіх траіх суд прызнаў вінаватымі. Дзвюх дзяўчат аштрафавалі, студэнту Аляксандру Ткачову прысудзілі 5 сутак арышту.

24 снежня cуд Чыгуначнага раёну Віцебску аштрафаваў найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду на 50 базавых велічыняў. Суддзя Вольга Шапавал прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў не дазволеным уладамі пікетаванні. Дзеянні актывіста былі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт.23.34 КаАП.

23 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне паводле дзвюх справаў, заведзеных на кухарку абласной больніцы Алену Куставу. Маці дваіх няпоўнагадовых дачок прызнаная вінаватай у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўніка МУС (арт. 23.4 КаАП). Суддзя Андрэй Шыдлоўскі аштрафаваў жанчыну на 3 і 5 базавых велічынь адпаведна. Суд доўжыўся два дні.