Серада, 26 Май 2021

Тры гады калоніі запатрабаваў пракурор для Таццяны Туравец

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Пракурор Мікіта Раманоўскі Пракурор Мікіта Раманоўскі

26 траўня ў судзе Віцебскага раёну скончылася судовае следства і адбыліся спрэчкі ў справе выхавальніцы дзіцячага садку Таццяны Туравец, якую вінавацяць паводле арт. 364 КК у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў МУС. Пракурор Мікіта Раманоўскі запатрабаваў для Туравец тры гады калоніі, адвакатка ж прасіла апраўдаць сваю падабаронную. Прысуд агучаць 28 траўня.

Пальчатка міліцыянта Старчанкі

На пачатку судовага паседжання ўдзельнікі працэсу азнаёміліся з вынікамі прызначанай раней таваразнаўчай экспертызы. Згодна з ёй, знос пальчатак склаў 60%, а рэшткавы кошт – 16 рублёў 15 капеек.

Адвакатка Таццяны Туравец заявіла хадайніцтва аб правядзенні крыміналістычнай экспертызы для вызначэння механізму пашкоджання скураных пальчатак пацярпелага міліцыянта Старчанкі. Але суддзя Наталля Траццякова хадайніцтва адхіліла. Сваё рашэнне патлумачыла даверам да словаў міліцыянта, які сведчыў, што да візіту ў дом Туравец пальчаткі ніякіх пашкоджанняў не мелі.

Адхіліў суд і другое хадайніцтва абаронцы. Адвакатка прасіла правесці следчы эксперымент, каб высветліць, ці магчыма было пракусіць пальчатку ў тым месцы, дзе выявілі пашкоджанне. Нагадала пры гэтым, што папярэдняя следчая экспертыза не знайшла на пальчатках слядоў сліны, разрыў здарыўся па шве, а след ад зубоў не выяўлены.

Пракурор Раманоўскі: прызнаць вінаватай

Спрэчкі бакоў пачаліся з выступу пракурора Мікіты Раманоўскага. Пазіцыя абвінавачвання не змянілася: аказала супраціў, перашкаджала ўваходу ў дом для правядзення вобшуку, нанесла пабоі і пашкоджанні цела міліцыянтам. Прычыніла матэрыяльную шкоду пацярпеламу Старчанку на суму 16 рублёў 15 капеек.

Пракурор прасіў суд прызнаць Таццяну Туравец вінаватай паводле інкрымінаванага ёй злачынства і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Меру ўтрымання пад падпіскай прасіў замяніць заключэннем пад варту.

Адвакатка просіць апраўдаць Туравец

Адвакатка Таццяны Туравец рабіла акцэнт на недакладнасцях і супярэчнасцях, якія маюцца ў матэрыялах справы. Зняпраўдзіла шэраг спрэчных момантаў з боку абвінавачання, якія не знайшлі свайго неабвержнага пацверджання ў часе судовага следства. Зазначыла, што Туравец не давярала людзям, якія ўвайшлі ў тую ноч у яе дом, не разумела, што перад ёй знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі.

З улікам тагачаснага псіхічнага стану Туравец і ацэнкі той сітуацыі адвакатка палічыла, што ў дзеяннях яе падабароннай адсутнічае склад злачынства, якое ёй інкрымінуецца, і папрасіла суд у дачыненні да грамадзянкі Туравец вынесці апраўдальны прысуд.

Таццяна Туравец: Я лічу сябе пацярпелай

Апошняе слова Таццяны Туравец было працяглым і эмацыйным. Вінаватай яна сябе не прызнала.

«Шчыра кажучы, у гэтай сітуацыі я лічу сябе пацярпелай. Я лічу сябе пацярпелай, таму што супрацоўнікі міліцыі, якія прыйшлі да мяне ў той вечар з вобшукам, мусілі б патлумачыць, чаго яны ад мяне хочуць, што яны мусяць зрабіць, якімі матывамі кіруюцца, а насамрэч – справакавалі ўсю гэтую сітуацыю. Сітуацыю, у якой прычынілі мне маральную, матэрыяльную і фізічную шкоду. І цяпер маё далейшае жыццё пад вялікім пытаннем. Шчыра магу сказаць, што ў мяне не было жадання прычыняць шкоду супрацоўнікам міліцыі», – сказала Таццяна Туравец.

Прысуд абвесцяць 28 траўня ў 14.30.

С.Горкі