Пятніца, 18 Чэрвень 2021

У Віцебску пачалі судзіць мужчыну, які нібыта зняважыў амапаўца Дзмітрыя Балабу

Ацаніць гэты матэрыял
(11 галасоў)
Ермаловіча выводзяць з судовай залы. Фота: belsat.eu Ермаловіча выводзяць з судовай залы. Фота: belsat.eu

18 чэрвеня суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разбіраць крымінальную справу ў дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча. Мужчыну абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Каментарамі ў Телеграм-чаце, па версіі следчых, Ермаловіч зняважыў начальніка менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабу. Журналістаў на працэс не пусцілі, на першае паседжанне трапілі толькі бацькі падсуднага і адзін слухач.

Справу разбірае суддзя Наталля Карабліна. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 18 і 24 снежня 2020 году Вадзім Ермаловіч зрабіў некалькі допісаў у адным з віцебскіх тэлеграм-чатаў, якія і былі расцэненыя як абраза прадстаўніка ўлады.

«Наўмысна публічна размясціў электронны тэкст паведамлення, у якім, згодна з заключэннем экспертаў, змяшчаюцца выказаныя ў непрыстойнай і грубай форме абразы на адрас Балабы. Негатыўна ацэньвае апошняга і ўтрымлівае ненарматыўную форму выказвання, якая зневажае аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады Балабы», – агучыў абвінавачванне пракурор.

Сам «абражаны прадстаўнік улады» палкоўнік Дзмітрый Балаба на працэс не з'явіўся. «Маецца заява аб разглядзе справы без ягонай прысутнасці», – паведаміла на пачатку працэсу сакратарка.

Вадзім Ермаловіч прызнаў сваю віну цалкам, але ад дачы паказанняў у судзе адмовіўся.

Паводле ягоных ранейшых паказанняў, зафіксаваных у пратаколах допыту, каментары на адрас Балабы насілі выключна жартоўны характар ​​і не мелі на мэце абразіць камандзіра менскага АМАПу.

Нагадаем, Вадзім Ермаловіч быў затрыманы ў Віцебску 20 сакавіка. Праз 72 гадзіны яго выпусцілі з ізалятару пад падпіску аб нявыездзе. А ўжо 14 красавіка, яго зноў затрымалі недалёка ад літоўскай мяжы. У ягоным доме адбыўся ператрус: канфіскаваныя ўсе ноўтбукі і флэшкі, фотаапарат, налепкі з гербам Пагоня, грошы ды іншыя рэчы. Была канфіскаваная нават газета на ўкраінскай мове, якую, як патлумачыў сам Вадзім Ермаловіч, ён узяў бясплатна ў адным кафэ ва Украіне.

Разгляд справы працягнецца зранку ў панядзелак 21 чэрвеня. Вадзіму Ермаловічу пагражае да трох гадоў абмежавання волі.

Уладзімір Бяляўскі