У мінулую суботу, 23-га студзеня, Ганну Каваленку і Алену Філіповіч затрымалі супрацоўнікі райаддзелу міліцыі Кастрычніцкага раёну. Як потым напісалі ў пратаколе, дзяўчаты «зладзілі шэсце ад дому №36 да дому №40 па вуліцы Леніна, трымаючы ў руках кветкі на знак пратэсту супраць зняволення палітвязняў», паведаміла Беларускае Радыё Рацыя.

Суд Віцебскага раёну 29 студзеня прызнаў блогерку Алену Янушкоўскую вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў яе адміністрацыйным арыштам на 7 сутак. Такое рашэнне прыняў суддзя Міхаіл Зубеня. Янушкоўская мае інваліднасць трэцяй групы, яна знаходзіцца за кратамі віцебскага ІЧУ ад 27 студзеня.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 28 студзеня адбылося чарговае паседжанне ў крымінальнай справе віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Яму пагражае да 6 гадоў калоніі.

28 студзеня ў судзе Віцебскага раёну прайшло слуханне адміністрацыйнай справы паводле ч.3 арт. 23.34 у дачыненні жыхаркі віцебскага раёну Юліі Ўласенкі. На прадэманстраваным відэафайле суддзя Міхаіл Зубеня апазнаў толькі голас жанчыны, але палічыў яе віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні даказанай. Аштрафаваў спадарыню Ўласенку на 40 базавых велічынь (1160 рублёў).

4 студзеня ўладальнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Плавь» Віктар Быкаў з невялікай вёскі Канашы быў прыцягнуты да адказнасці паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП. Гарадоцкі раённы суд пакараў 54-гадовага фермера адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за ўзняты на падворку бел-чырвона-белы сцяг.