Суд Кастрычніцкага раёну 12 лютага прызнаў віцяблянку Яўгенію Пачэпку вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і вынес ёй папярэджанне. Увесь склад правапарушэння – бел-чырвона-белы сцяг у вакне і такіх жа колераў майкі на балконе. Двое сутак да суду Яўгенія Пачэпка правяла за кратамі ІЧУ.

Анатоля Каханчыка, што жыве ў Полацкім раёне, асудзілі на 7 сутак арышту. Уладам не спадабалася, што частка яго прыватнай хаты пафарбаваная ў бел-чырвона-белыя колеры. Гаспадара БЧБ-хаты прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП), паведамляе «Новы час».

«Калі ўладарыць бязбожнік – народ стогне» – гэтак гаворыцца ў біблійных прыпавесцях. 56-гадовая Валянціна Крыштопенка сфатаграфавалася з гэтай цытатай на плакаце ў розных месцах пасёлку Кастрычніцкая Віцебскага раёну. Міліцыянты пабачылі фотаздымкі ў «Тэлеграме» і завялі супраць жанчыны справу паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. 11 лютага суд Віцебскага раёну прызнаў Крыштопенку вінаватай…

10 лютага ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску суддзя Алена Цыганкова, разгледзеўшы адміністрацыйную справу паводле арт. 22.9 КаАП у дачыненні да распаўсюдніцы незалежнай прэсы Таццяны Юхо, аштрафавала яе на 30 базавых велічынь. Як паведамляла «Віцебская вясна», грамадзянку затрымалі ў прыватным сектары Віцебску і абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе дайжэсту «Витебский вестник».

Віцебскі абласны суд 10 лютага разгледзеў пратэст на той момант выканаўцы абавязкаў пракурора гораду Віцебску Кірыла Дубава, які прасіў адмяніць рашэнні судоў Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў у дачыненні да Таццяны Севярынец, Алены Касновай, Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч. Абласны суд пратэст не задаволіў.