Аўкцыён па продажы хаты Алены Янушкоўскай у вёсцы Суйкава Віцебскага раёна адбыўся 30 траўня. Актывістка, якая была вымушана пакінуць Беларусь у 2021 годзе, рыхтуе зварот у пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням тых, хто пазбавіў яе адзінага жытла. Сума запазычанасці актывісткі ў беларускі бюджэт складае 1436 рублёў 60 капеек. Яе жытло ацанілі ў  10 700 рублёў, а прадалі амаль у два разы даражэй. У гэтай хаце Алена Янушкоўская з сям'ёй пражыла больш за 15 гадоў.

Суддзя суд Першамайскага раёна Віцебска Вераніка Барысава 20 траўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавала на 800 рублёў рэдактара сайта «Віцебскі кур'ер News» Аляксандра Корнышава. Суд праходзіў у адсутнасць «правапарушальніка, з прычыны таго, што Аляксандр пакінуў Беларусь на прыканцы 2020 года.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук 10 траўня за правядзенне не санкцыянаванага ўладамі пікетавання ў інтэрнэце арыштавала на 10 сутак памочніка пробашча касцёла Касцёл Маці Божай Фацімскай у Шуміліна Паўла Лемяха.

Суддзя суда Ушацкага раёна Вольга Лаюшка 17 траўня за распаўсюд у сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый аштрафавала на 800 рублёў спецыяліста дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна» Кацярыну Спірыдзёнак.

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 6 траўня за распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 10 сутак былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР пенсіянера Мікалая Петрушэнку.