Усіх пяцярых затрымлі 31 жніўня ў перыяд з 16.20 да 19.50 і назаўтра асудзілі ў Талачынскім райсудзе. Паводле банка судовых рашэнняў, судовая працэсы вяла суддзя Алеся Саян, усіх падсудных яна прызнала вінаватымі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП за падпіскі ў «Одноклассниках» на інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыя якіх прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй.

Вядомага краязнаўцу і былога малалетняга вязня канцлагера Антона Бубала будуць судзіць у Верхнядзвінску 11 верасня. Судовае пасяджэнне будзе весці суддзя Людміла Каваленка.

Справу Сяргея Мацюка, слесара ААТ «Узмёнскі край», разбірала старшыня Мёрскага раённага суда Ірына Яскевіч. 1 верасня яна прысудзіла мужчыну 2 сутак арышту паводле ч.2 арт 19.11 КаАП за дзве публікацыі ў Telegram, якія адсачылі супрацоўнікі абласнога ГУБАЗіК.

Суддзя суда Наваполацка Віталь Лапко 11 жніўня за падпіску на «экстрэмісцкі» Youtube-канал пастанавіў арыштаваць на 13 сутак мясцовую жыхарку Валянціну Кавалёву.

Працэс у Віцебскім абласным судзе праходзіць у закрытым рэжыме – такі парадак у Беларусі стаў звыклым, калі разбіраюць справы «аб экстрэмізме», тым болей, з удзелам журналістаў. Супраць відэааператара Вячаслава Лазарава высунута абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове), супраць Таццяны Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (вярбоўка, уцягненне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне ці іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). Крымінальныя справы супраць мужа і жонкі, аб“яднаныя разам, разглядае суддзя Яўген Буруноў.