Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Жукава 26 лютага за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу па ч.1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год мясцоваму жыхару 19-гадоваму Арцёму Байдаку. Крымінальная справа разгледжана ў выязным судовым пасяджэнні ў Пастаўскім раённым ваенкамаце, куды запрасілі маладых людзей прызыўнога ўзросту.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за распаўсюд у сацыяльнай сетцы “экстрэмісцкай” відэапрадукцыі арыштавала на 15 сутак мясцовага жыхара Іллю Рагожнікава.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за захоўванне відэароліка запампаванага з відэахостынгу арыштавала на 15 сутак жыхара Наваполацка Уладзіслава Бендзікава.

Пастара евангельскай царквы Аляксандра Зарэцкага затрымалі 22 лютага, і першы арышт на 15 сутак яму быў прысуджаны суддзёй суда Чашніцкага раёну Ірынай Кручынінай за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў». А ўжо 5 сакавіка суддзя Ала Смірнова пакарала яго арыштам на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пікетам улады палічылі пропаведзь пастара падчас аднаго з богаслужэнняў.

На Тэлеграм-канале, блізкім да віцебскіх сілавікоў, з'явілася «пакаяльнае» відэа з мужчынам, які кажа пра сябе: «Я той с амы Лёха Павук». Гэта творчы псеўданім Аляксея Нябоські – вулічнага музыкі, выканаўцы песень, якія сталі папулярнымі пасля 9 жніўня 2020г. У тым самым «пакаяльным» відэа затрыманы распавядае і пра тое, што на сваім youtube- канале выкладаў відэазапісы ўласных выступаў, а таксама відэаролікі з фрагментамі масавых мірных пратэстаў. Паводле словаў самога Аляксея Нябоські, яго затрымалі «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».