28 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбыліся слуханьні адміністрацыйных справаў журналістаў, якія сфатаграфаваліся на фоне гарадзкога графіці напярэдадні 5 лістапада. Зьміцер Казакевіч і Алена Сьцяпанава атрымалі штрафы ў 20 базавых велічыняў кожны (3 мільёны беларускіх рублёў), а Алена Шабуня - 18 базавых за парушэньне артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

У Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Тацьцяны Сячко. Жыхарку Воршы аштрафавалі за распаўсюд улётак пра “Народны рэфэрэндум”, абвінаваціўшы яе ў парушэньні заканадаўства пра СМІ. Міністэрства інфармацыі пацьвердзіла, што ўлёткі да СМІ не належаць, але абласны суд ня ўзяў гэта пад увагу.

Пазоў аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да рабочага шклозаводу Віктара Стукава, кіраўніка пяршоўкі незалежнага прафсаюзу, ужо паўтара года адмаўляюцца разгледзець па сутнасьці ў беларускіх судох. Ужо адбылося шэсьць судовых адмоваў у разглядзе пазову аб дыскрымінацыі – ад Полацкага раённага да Вярхоўнага судоў, – хоць у Працоўным кодэксе сказана: «Асобы, якія лічаць, што яны падвергліся дыскрымінацыі ў сфэры працоўных адносін, маюць права зьвярнуцца ў суд з адпаведнай заявай аб ліквідацыі дыскрымінацыі».

Старшыня першаснай арганізацыі СПБ «Шкловалакна» Віктар Стукаў падаў у абласны суд скаргу на вызначэньне Полацкага гарадзкога суду, які 18 жніўня адмовіўся разглядаць справу аб дыскрымінацыі па прыкмеце членства ў адным або іншым прафсаюзе.

Наваполацкі суд 28 жніўня вынес рашэньне аштрафаваць грамадзянскага актывіста Яўгена Парчынскага. Памер штрафу склаў 7,5 мільёна рублёў. Суд прызнаў актывіста вінаватым у дапамозе работнікам заводу «Палімір» у атрыманьні фальшывых позваў у міліцыю, якія мусілі апраўдаць факт іх адсутнасьці на працы. Пракуратура спрабавала прыпісаць актывісту яшчэ шэраг парушэньняў закону, такіх як махлярства і падбухторваньне да дачы хабару, але ў судзе такія дзеяньні не знайшлі пацьверджаньня.