Пятніца, 29 Жнівень 2014

Наваполацкі актывіст аштрафаваны на 7,5 мільёнаў рублёў (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Яўген Парчынскі Яўген Парчынскі

Наваполацкі суд 28 жніўня вынес рашэньне аштрафаваць грамадзянскага актывіста Яўгена Парчынскага. Памер штрафу склаў 7,5 мільёна рублёў. Суд прызнаў актывіста вінаватым у дапамозе работнікам заводу «Палімір» у атрыманьні фальшывых позваў у міліцыю, якія мусілі апраўдаць факт іх адсутнасьці на працы. Пракуратура спрабавала прыпісаць актывісту яшчэ шэраг парушэньняў закону, такіх як махлярства і падбухторваньне да дачы хабару, але ў судзе такія дзеяньні не знайшлі пацьверджаньня.

Крымінальную справу на Яўгена Парчынскага завялі ў Наваполацку яшчэ ў 2009 годзе, калі ён актыўна ўдзельнічаў у працы няўрадавых арганізацыяў. Пасьля актывіст займаўся перадвыбарнай агітацыяй за кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Яўген пастаянна аказваў дапамогу людзям, якія трапілі ў цяжкія, а часам крытычныя сытуацыі.

Пракуратура Наваполацку ўвесь гэты час пастаянна спрабавала сабраць матэрыялы для крымінальнага перасьледу актывіста. Апошні раз міліцыя затрымала Яўгена Парчынскага напярэдадні апошніх паседжаньняў суду, адразу пасьля працы. У кайданках актывіста даставілі ў аддзяленьне міліцыі і, пратрымаўшы тры гадзіны, адпусьцілі без прад’яўленьня абвінавачваньняў.

Пракурор у судзе настойваў на пазбаўленьні волі абвінавачанага тэрмінам да трох гадоў з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Відавочна, каб трымаць актыўнага грамадзяніна на «кручку» і каб была магчымасьць за малейшае правапарушэньне адправіць яго ў калёнію. Магчыма, суд вырашыў, што гораду не патрэбны ганебны факт «мясцовага палітвязьня», таму абышлося без арышту.

Яўген Парчынскі раней працаваў журналістам у наваполацкай газеце «Хімік», быў галоўным рэдактарам. У сувязі са сваёй журналісцкай дзейнасьцю мае вялікае кола сяброў і знаёмых у Полацкім рэгіёне. На судовых паседжаньнях падчас разгляду яго справы ўвесь час прысутнічалі знаёмыя і сябры Яўгена з грамадзкіх арганізацыяў Полацкага рэгіёну і Віцебскай вобласьці. Актывіст ўсім ім выказаў словы падзякі за падтрымку ў гэты няпросты для яго пэрыяд часу.