Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебска Алена Цыганкова спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Аляксандра Кірылава. Яна ня ўгледзела складу правапарушэньня ў дзеяньнях віцебскага палітычнага актывіста, прадугледжанага арт. 9.2 (Паклёп) Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Сакратарыят Канстытуцыйнага суду не прыняў да разгляду скаргу рабочых на пункт калектыўнай дамовы полацкага заводу «Шкловалакно», які, на думку скаржнікаў, супярэчыць Канстытуцыі краіны. У адказе, падпісаным начальнікам Сакратарыяту суду Аляксандрам Караваем, сказана, што калектыўная дамова прадпрыемства не належыць да прававых актаў, якія разглядае Канстытуцыйны суд.

Віцебскія актывісты спрабавалі аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага райсуду, куды зьвярталіся пасьля атрыманай забароны на шэсьце і мітынг салідарнасьці зь Ігарам Пастновым. Абласны суд адхіліў скаргу, пагадзіўшыся з райсудом. Віцебскія актывісты лічаць, што іх права на мірныя сходы парушыў спачатку гарвыканкам, які вынес забарону, потым раённы суд, які прызнаў гэтую забарону законнай, а цяпер яшчэ і абласны суд.

Такое стала магчымым толькі пасьля таго, як праваабаронца Павал Левінаў (на фота) зьвярнуўся са скаргай да старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь Валянціна Сукала. У свой скарзе спадар Левінаў паведаміў галоўнаму судзьдзю краіны пра тое, што старшыня суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўген Буруноў сваімі дзеяньнямі парушыў яго правы на доступ да правасудзьдзя, а таксама парушыў працэсуальны закон.

2 сьнежня кіраўнік незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Сяргей Рыжоў быў прысуджаны да штрафу ў 10 базавых велічынь (1 мільён 300 тысяч рублёў) нібыта за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня. Здаецца, аднак, наперадзе палітыка чакаюць новыя нягоды: неўзабаве Рыжоў, магчыма, будзе падвергнуты яшчэ аднаму штрафу за іншае адміністрацыйнае правапарушэньне. А таксама яму пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да 2-х гадоў паводле артыкулу крымінальнага кодэксу.