Нядзеля, 03 Верасень 2023

Хлопца з Расонаў асудзілі за «масавыя беспарадкі» - за публікацыі ў Telegram, зробленыя ў 2020 годзе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Паўла Нявыгласа, які ў жніўні 2020-га толькі скончыў школу, асудзілі да 1 года 2 месяцаў калоніі. Суд над ім распачаўся толькі сёлета ў ліпені. За гэты час хлопец паспеў стаць студэнтам БНТУ (факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі). Суддзя Расонскага райсуду Алена Елавая прызнала хлопца вінаватым паводле арт. 293 ч. 3 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі) за тое, што ў жніўні 2020-га ён апублікаваў ў Telegram звесткі пра тое, як вырабіць «кактэйль Молатава». Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Зараз хлопец спрабуе абскардзіць прысуд у Віцебскім абласным судзе, пасяджэнне прызначана на 12 верасня.

Не чакаючы вынікаў абласнога суду, гісторыю пра непоўнагадовага (у 2020 г.) хлопца выклала газета «Витебские вести». У артыкуле «Житель Витебской области наказан за подстрекательство к участию в массовых беспорядках» сцвярджаецца, што ён «для обучения и подготовки интернет-пользователей к участию в массовых беспорядках, сопровождающихся причинением вреда, а также вооруженным сопротивлением сотрудникам правоохранительных органов» размяшчаў у шэрагу чатаў «информацию о составе, изготовлении и применении коктейля Молотова». Гэтая інфармацыя засталася ў мэсэнджары, хаця хлопец выдаліў свой тагачасны акаўнт у Telegram .

Найверагодней, што хлопца затрымалі ў красавіку гэтага году: з таго часу ён перастаў з“яўляцца ў сацыяльных сетках.

Што да ранейшых падзеяў, то вядома, што Павел Нявыглас быў затрыманы 14 ліпеня 2020г. у Менску падчас пратэстаў супраць адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам на пост прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Як непоўнагадовага, яго адпусцілі з аддзела міліцыі Савецкага раёна.

Анатоль Мяленцьеў