06.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-6 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 23 чалавек — цяпер у ім 4034 прозвішчы

Трэцяга траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Сярод іншых, у спіс дадалі фатографа Аляксандра Зянкова, Галіну Краснянскую, якая вярнулася са Швецыі і атрымала 5 гадоў калоніі, а таксама палітвязня  Валерыя Самсоненку, які вывесіў украінскі сцяг замест афіцыйнага.

Палітвязню Дзмітрыю Рэзановічу дадалі дзевяць месяцаў калоніі

Палітзняволенаму анархісту Дзмітрыю Рэзановічу дадалі 9 месяцаў зняволення паводле артыкулу аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК), піша тэлеграм-канал "Права на паўстанне".

Дзмітрый Рэзановіч

Працэс над Рэзановічам пачаўся 26 сакавіка ў калоніі "Ваўчыныя норы ў Івацэвічах, паведамляе “Радыё Свабода”

Нагадаем, 22 снежня 2021 г. у Мінскім абласным судзе Рэзановіча абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці: ён атрымаў 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сілавікі затрымалі бізнэсоўцу за тое, што сігналіў у падтрымку пратэстаў

Як паведамляе @nashaniva, затрыманы — 36-гадовы Іван Савіцкі.

Вінавацяць яго ў тым, што ён на ўласным аўто ездзіў уздоўж дарог і сігналіў у падтрымку пратэстаў. Таксама падчас удзелу ў паўмарафоне ў Маскве ён скандзіраваў «Жыве Беларусь» і намаляваў гэты лозунг на лістку паперы, а фота адтуль змясціў у сацсетках.

Супраць Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу 

Пра гэта ў Facebook паведамляе ягоная жонка Наста Дашкевіч. Вядома, што Змітру Дашкевічу інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Зміцер і Наста Дашкевічы

Нагадаем, актывіста разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».

Палітзняволены актывіст павінен быў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК. Палітвязню  прызначылі яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Крыніца: Новыя крымінальныя справы супраць палітвязняў, папаўненне ў "спісе экстрэмістаў": хроніка пераследу 4-6 траўня