Субота, 19 Ліпень 2014

Палітвязьня Ігара Аліневіча перавялі ў калёнію “Віцьба-3”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Аліневіч Ігар Аліневіч

Палітвязьня Ігара Аліневіча перавялі ў калёнію “Віцьба-3”, дзе раней адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Бацька палітвязьня Ігара Аліневіча Ўладзімер Аліневіч паведаміў, што ягонага сына перавялі з наваполацкай калёніі ў калёнію “Віцьба-3”, якая знаходзіцца непадалёк ад Віцебску.

«Мы атрымалі афіцыйнае паведамленьне, што ён знаходзіцца ў калёніі “Віцьба-3”. Яго туды прызначыў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. І гэта ўсё. Ад яго пакуль адтуль лістоў не было. Што і як — дакладна ня ведаем. Хутчэй за ўсё, патрапіў у карантын і таму пакуль ад яго нічога няма», — сказаў Уладзімер Аліневіч.

У калёніі “Віцьба-3” пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Спадар Казулін сказаў, што яму вядома пра новае будаўніцтва ў калёніі, таму ўмовы ў ёй цяпер могуць быць лепшыя за часы, як ён там быў. «Што такое калёнія? У ёй галоўнае ня ўмовы, а стаўленьне ахоўнікаў і адміністрацыі, адносіны да вязьняў. А ўмовы там могуць быць ня самыя кепскія», — мяркуе Аляксандар Казулін. Пра адміністрацыю “Віцьбы-3” былы палітвязень нічога ня ўзяўся казаць, спаслаўшыся на тое, што там зьмяніўся начальнік.

Ігар Аліневіч раней адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, якая лічылася найгоршай паводле экалёгіі. На пачатку году было прынятае рашэньне аб расфармаваньні гэтай калёніі. Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 год зьняволеньня за “хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў”. Сваёй віны палітвязень не прызнаў.

Радыё Свабода