Афіцыйнае папярэджаньне наконт недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах далі жыхару Віцебску Аляксею Саламаненку. Несанкцыянаваным пікетам пракуроры палічылі стрым блогера Сяргея Ціханоўскага, які прыяжджаў у Віцебск 30-га красавіка, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Пракуратура гораду Віцебску вынесла афіцыйнае папярэджаньне адміністратарцы Тэлеграм-каналу «Краіна для жыцьця» Юліі Барсуковай пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Папярэджаньне вынесенае 14 траўня.

У нядзелю 3 траўня на плошчы Перамогі сабралася каля 50 чалавек, каб узяць удзел у «кармленьні галубоў». Асноўная ідэя – выйсьці разам у цэнтар гораду і фармальна не патрапіць пад Закон аб масавых мерапрыемствах. Падобныя акцыі ўжо ня першы год ладзяць у Берасьці. Падчас пандэміі гэткую форму сходаў пачалі выкарыстоўваць і ў іншых гарадах Беларусі.

У Віцебску каронавірус не перашкодзіў Барысу Хамайду адзначыць чарговыя ўгодкі БНР. Не наважыліся перашкодзіць яму і міліцыянты ў цывільным, якія здымалі актывіста на свае мабільныя тэлефоны – бліжэй, чым на два мэтры, да Хамайды ў мэдычнай масцы не набліжаліся…

Легендарны віцебскі дысыдэнт Барыс Хамайда выйшаў 22 сакавіка да «сіняга дому» ў Віцебску з плякатам, на якім было напісана: «У краіне няма легітымнай улады. Таму падчас эпідэміі каронавірусу аб’яўляю карантын у Віцебску тэрмінам на 30 дзён».