Субота, 12 Люты 2022

Камітэт ААН па правах чалавека абараніў правы жыхара Віцебска Пятра Берлінава

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

18 кастрычніка 2021 году Камітэт разгледзеў паведамленне № 2708/2015 атрыманае ад віцябляніна Пятра Берлінава, і прыйшоў да высновы, што беларуская дзяржава з'яўляецца парушальнікам ягонага права на асабістую недатыкальнасць, а таксама права на свабоднае выказванне свайго меркавання і на ўдзел у мірных сходах.

Прычынай, якая схіліла Пятра Берлінава звярнуцца ў КПЧ, было рашэнне суддзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алены Цыганковай, якая пакарала яго адміністрацыйным арыштам за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным  масавым мерапрыемстве.

Не з'яўляючыся журналістам і не знаходзячыся ў шэрагах ніводнай палітычнай партыі або грамадзкай арганізацыі, Берлінаў – выпадкова – узяў удзел у масавым вулічным мерапрыемстве – флэшмобе, які 5 лістапада 2014 году ў Віцебску правялі мясцовыя незалежныя журналісты. Публічнае мерапрыемства не было дазволенае ўладамі. А паколькі не было дазволенае, маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў з райаддзелу міліцыі склаў на Берлінава пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і перадаў гэты пратакол у суд.

Падчас судовага разбору суддзя Алена Цыганкова не разабралася ў заблытанай справе і пакарала Берлінава трыма сутакамі арышту, якія ён да таго ўжо адбыў у ізалятары часовага ўтрымання Віцебску. Тым самым суддзя сваім рашэньнем прыкрыла незаконнае затрыманне Берлінава і ўтрыманне яго пад арыштам без рашэння суду.

Скаргі на незаконные пакаранне ў Віцебскі абласны і Вярхоўны суды былі адхіліныя. Пасля гэтага мужчына звярнуўся са скаргай у КПЧ ААН, каб абараніць парушаныя беларускай дзяржавай ягоныя грамадскія і палітычныя правы.

Цяпер, калі Камітэт прыняў рашэнне пра тое, што правы былі парушаныя дзяржавай, Рэспубліка Беларусь абавязаная даць Берлінаву эфектыўны сродак прававой абароны і поўнае пакрыццё прычыненай яму шкоды.  Адпаведна, дзяржава абавязаная, у прыватнасці, даць аўтару скаргі адэкватную грашовую кампенсацыю, у тым ліку пакрыць усе судовыя выдаткі, панесеныя Берлінавым. Дзяржава таксама абавязаная прыняць усе неабходныя меры для прадухілення такіх парушэнняў у будучым, у прыватнасці шляхам перагляду свайго нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і яго прымянення, з тым каб прывесці яго ў адпаведнасць са сваімі абавязкамі і прыняць меры, накіраваныя на дапамогу грамадзянам у рэалізацыі іх правоў на свабоднае выказванне свайго меркавання і на ўдзел у мірных сходах. 

Камітэт таксама жадае атрымаць цягам 180 дзён ад беларускага ўраду інфармацыю аб захадах, зробленых для рэалізацыі рашэння Камітэту ў справе Пятра Берлінава. 

Беларускай дзяржаве Камітэт прапануе таксама апублікаваць гэтае рашэнне ў дзяржаўных СМІ і забяспечыць яго шырокі распаўсюд на афіцыйных мовах, прызнаных у Беларусі.

Віталь Кажух