Субота, 18 Чэрвень 2022

Віцебшчына гатова прыняць помнікі часоў СССР, калі іх будуць зносіць у краінах Еўропы?

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Пра гэта ў адмысловым звароце заявіў Віцебскі абласны Каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый, які аб’ядноўвае праўладныя грамадскія структуры. Аднак гучная заява застаецца ўсяго толькі пустымі словамі, пакуль такая прапанова не ўзгоднена з абласнымі ўладамі, Галоўным архітэктарам вобласці ды іншымі адказнымі службамі. А самае істотнае, што яна ніякім чынам не падмацавана меркаваннямі жыхароў вобласці, ад імя якіх узяў на сябе смеласць выступаць Каардынацыйны савет.

«Поводом для данного обращения стала кампания по сносу памятников, посвященных знаковым событиям Второй мировой и Великой Отечественной войн, развернувшаяся в соседних с Республикой Беларусь государствах и получившая особый резонанс в последнее время. Нами она расценивается исключительно как пренебрежение к общей истории и памяти тех поколений граждан республик СССР и стран Восточной Европы, которые плечом к плечу сражались против нацистских захватчиков, стремившихся поработить наши земли и народы», – гаворыцца ў звароце. Відавочна, непасрэднай нагодай для яго было рашэнне пра знос помніка савецкім салдатам у рыжскім Парку Перамогі, прынятае Думай гораду Рыгі 13-га траўня.

У пачатку траўня ў Віцебску каля латышскага консульства было праведзена некалькі несанкцыянаваных мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел прадстаўнікі праўладных грамадскіх структур, што ўваходзяць у загаданы вышэй Каардынацыйны савет -- у прыватнасці,  БРСМ, «Белая Русь», а таксама  міфічная арганізацыя «Молодежь Витебска».  Але падчас гэтых імпрэзаў гучалі заклікі захаваць помнік, а ніяк не прапановы перадаць яго для наступнага ўсталявання на Віцебшчыне.

Зрэшты, у сваім звароце Каардынацыйны савет заклікае таксама ўрады Польшчы і Літвы «не перечеркивать страницы нашей общей истории, не воевать против памятников, подобно средневековым варварам, а сохранить память о тех, кто ценою собственных жизней принёс победу над фашизмом, мир и свободу народам Европы”. Але ў тым выпадку, калі “в угоду сиюминутной политической конъюнктуре власти отдельных европейских стран не готовы сохранять памятники о нашей общей Великой Победе, Витебская область готова принять данные произведения монументального искусства, отражающие историческую политику и тенденции в искусстве своего периода, с целью дальнейшей реставрации и установки на территории области».

Яшчэ раз нагадаем, што “гатоўнасць” усталяваць на Віцебшчыне помнікі з суседніх дзяржаваў не падмацавана аніякім дакументам. Хаця ўстаноўка помніка справа далёка не простая: паводле беларускага заканадаўства, на гэта патрабуецца асабісты дазвол Аляксандра Лукашэнкі. Нават усталяванне якой-кольвек скульптуры не можа адбыцца без дазволу мясцовых уладаў, якія мусяць абапірацца на вынікі грамадскага абмеркавання. Але Каардынацыйны савет вырашыў, што дастаткова будзе пустой заявы, каб у суседніх краінах схамянуліся і пашкадавалі спадчыну манументальнага мастацтва, нібыта вельмі запатрабаваную ў Беларусі. Лішне казаць, што прапанова прадстаўнікоў беларускіх праўладных грамадскіх структур наўрад ці адпавядае меркаванням на гэты конт абсалютнай большасці жыхароў Віцебшчыны.

Станіслаў Іваноўскі