Аўторак, 14 Чэрвень 2022

Жыхары Віцебску патрабуюць ад чыноўнікаў ліквідаваць небяспеку на пешаходных аб'ектах гораду

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Калаж: petitionsby.win Калаж: petitionsby.win

На пляцоўцы Petitionsby зʼявіўся зварот да мясцовых уладаў з патрабаваннем выправіць небяспечны стан абʼектаў дарожнай і пешаходнай інфраструктуры. На думку аўтараў, камунальныя службы гораду не робяць ніякіх захадаў, каб засцерагчы грамадзян ад атрымання разнастайных траўмаў.

Сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў галоўнае ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкаму і пракуратуру гораду Віцебску.

Ініцыятыўныя грамадзяне правялі аналіз заявак, пададзеных праз партал дыспетчарскай службы «115.бел» з 25 красавіка да 9 чэрвеня 2022 году і прыйшлі да несуцяшальных высноваў. Па іх падліках, за гэты перыяд было пададзена 22 заяўкі з паведамленнямі пра 14 правалаў грунту (большасць - у калодзежах) і 11 адкрытых калодзежаў або прыямкаў. Пры гэтым камунальнымі службамі, па сутнасці і ў поўным абʼёме, была выкананая толькі 1 заяўка. Астатнія звароты былі альбо пратэрмінаваныя, альбо перададзеныя ў іншыя арганізацыі. Але канкрэтнага плёну гэта не дало. Як сцвярджаюць аўтары петыцыі, усё гэта прыводзіць да траўмавання пешаходаў і жывёл. І падаюць канкрэтныя выпадкі: падзенне сабакі ў адкрыты калодзеж і пералом рукі ў дзіцяці з-за правалу пліткавага пакрыцця.

У сувязі з гэтым віцябляне просяць:

  • прыняць неадкладныя меры па рэагаванні на ўказаныя заяўкі, каб прадухіліць магчымае траўмаванне жыхароў гораду і яго гасцей;
  • прызначыць дакладныя тэрміны, калі будуць пачатыя і выкананыя неабходныя рамонтныя работы;
  • выявіць вінаватых у цяганіне пры выкананні заявак з высокім узроўнем прыярытэту;

Праз немагчымасць неадкладнага рэагавання на ўказаныя заяўкі і прывядзення да бяспечнага ўзроўню абʼектаў інфраструктуры, віцябляне патрабуюць зрабіць захады для захавання бяспекі грамадзян (агароджы небяспечных абʼектаў, а таксама інфармаванне аб іх насельніцтва).

Сяргей Сцяпанаў