Аўторак, 17 Май 2022

Міфічная арганізацыя «Молодежь Витебска» зладзіла несанкцыянаваны пікет каля консульства Латвіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

16 траўня ў Віцебску некалькі чалавек ва ўзросце 30-35 гадоў замацавалі на плоце латышскага консульства банэр з выявай помніка савецкім салдатам, які плануюць знесці ў Рызе. Пасля запалілі знічкі на ходніках, расклалі кветкі, а таксама пачалі раздаваць кветкі мінакам, каб тыя дзейнічалі па іхным прыкладзе.

Акцыя скончылася праз некалькі хвілінаў – як толькі запрошаныя фатографы зрабілі здымкі. З консульства да ўдзельнікаў ніхто не выйшаў. Віцебскія мінакі адзначылі некалькі момантаў, якія дазваляюць меркаваць, што ў арганізатараў не было дазволу на гэтую акцыю, або ён быў атрыманы з парушэннем закону аб масавых мерапрыемствах.

Па-першае, каля пікетоўцаў не было дзяжурнай машыны «хуткай дапамогі», па-другое, не было і міліцыянтаў, якія мусяць ахоўваць правапарадак, як гэта прапісана ў беларускім заканадаўстве. Па-трэцяе, пікет праводзіўся ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адна з дзяўчат, якая раздавала мінакам цюльпаны, заявіла, што акцыю праводзіць арганізацыя «Молодежь Витебска», хаця такой няма ў пераліку зарэгістраваных гарвыканкамам грамадскіх утварэнняў.

Тым не менш, на пікеце прысутнічалі  першы сакратар гарадскога камітэту БРСМ Артур Вітольд і прадстаўнік Віцебскага абласнога савету ветэранаў Анатоль Прусакоў. У інтэрв’ю прарасейскаму інтэрнэт-рэсурсу «Спутнік» ён заявіў, што прыняць рашэнне пра знос помніка савецкім салдатам-вызваліцелям у рыжскім Парку Перамогі маглі толькі тыя, хто забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны.

Пікет каля латышскага консульства ў Віцебску. Фота: сацсеткі

Тут важна адзначыць, што рашэнне пра знос помніка было прынятае Думай гораду Рыгі 13-га траўня. Дэпутаты Сейму Латвіі прагаласавалі за спыненне адпаведнага артыкулу латвійска-расейскіх пагадненняў на дзень раней, 12-га траўня. Атрымліваецца, што свой пікет міфічная арганізацыя «Молодежь Витебска» зладзіла ўжо праз тры дні, хаця заяўку на правядзенне акцыі арганізатары мусілі падаць не менш як за 15 дзён да анансаванай даты. Адпаведна, каб атрымаць дазвол, яны былі павінны звярнуцца ў выканкам Кастрычіцкага раёну 2-га траўня, але на той момант яшчэ не было прынятае рашэнне пра дэмантаж манумента.

Аднак віцебскім пратэстоўцам, відавочна, дазволена парушаць заканадаўства. Першы раз улады горада і міліцэйскае кіраўніцтва «не заўважылі» правапарушэння, здзейсненага 9-га траўня. Тады прадстаўнікі ЛДПБ, «Белай Русі» і БРСМ таксама пікетавалі консульства Латвіі, прычым паводзілі сябе агрэсіўна, перашкаджалі руху грамадзян і набліжаліся да дыпламатычнай установы бліжэй як на 50 метраў.

«Помнік воінам Савецкай Арміі – вызваліцелям Савецкай Латвіі і Рыгі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў» (Piemineklis Padomju karavīriem – Padomju Latvijas un Rīgas atbrīvotājiem no vācu fašistiskajiem iebrucējiem - лат.) быў адкрыты ў рыжскім Парку Перамогі ў 1985 годзе. Ён мае і неафіцыйную назву: «Помнік перамогі». Гэта 79-метровая калона з пяціканцовымі зоркамі ў версе, па абодва бакі ад якой месцяцца скульптурныя выявы «Радзімы-маці» і савецкіх воінаў. Пытанні пра знос мемарыялу неаднойчы ўздымаліся ў постсавецкі перыяд, аднак рашэнне пра тое, што ад яго ўсё ж такі варта пазбавіцца, было прынятае толькі цяпер. Бо ў значнай большасці грамадзянаў Латвіі ён асацыюецца не з перамогай у Другой Сусветнай вайне, а з расейскай агрэсіяй, накіраванай на Украіну. Грамадзяне Латвіі адкрылі збор сродкаў на дэмантаж гэтага помніка і сабралі на гэта ўжо больш як 100 тысяч еўра.

Станіслаў Іваноўскі