Серада, 08 Май 2024

Сёлета каардынатарам «Бессмяротнага палка» прызначаны Андрэй Герашчанка, кіраўнік ГА «Русский дом»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Раней за  ініцыятыву выйсці 9 траўня з партрэтамі  сваякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – найбольш актыўна выступала прыхільніца «русского мира» Эльвіра Мірсалімава. У гэтым годзе яе актыўнасць напярэдадні Дня Перамогі заўважна знізілася. Аднак яна, як і летась, абяцае сёлета бясплатна раздаваць «георгіеўскія» стужкі ўдзельнікам  акцыі. 9 траўня   калона «Бессмяротнага палка» пройдзе ў «агульным страі» афіцыйнага маршу «Шэсце пакаленняў».

Летась 9 траўня Эльвіра Мірсалімава  не толькі раздавала так званыя «георгіеўскія» стужкі – яна апранулася ў  куртку была з вялікай літарай  “Z” і надпісам  #СвоихНеБросаем – гэта адзін з лозунгаў, пад якім быў здзейснены напад на Украіну расейскімі войскамі.

Сёлета ў лютым Мірсалімаву двойчы  судзілі па адміністрацыйных справах за  «пікетаванне ў інтэрнэце» і за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку за рэпосты выяваў з нацысцкай сімволікай. Апалагетка «русского мира» тлумачыла, што не мела на мэце распаўсюд – проста размясціла на сваёй старонцы ў сацсетках матэрыялы, дзе нацысцкая сімволіка была на дакументальных фотаздымках. Але суд яе тлумачэнні не задаволілі, і Мірсалімавай прысудзілі вялікі штраф. Яна вельмі абуралася тым, што з ёй абышліся «як з бэчэбэшніцай». Аднак раней спадарыню ніколі не турбавала, што прыктычна за тое самае – за размяшчэнне на сваіх старонках дакументальных фотаздымкаў – некалькі год таму асудзілі да арышту вядомага віцебскага краязнаўцу і фотамайстра Віктара Барысенкава...

Андрэй Герашчанка, які сёлета каардынуе «Бессмяротны полк» - таксама знаёмы віцяблянам як адданы прыхільнік «русского мира». Ён вядомы сваімі выказваннямі супраць беларускай мовы і культуры, прычым настолькі радыкальнымі, што ў 2011 годзе яго звольнілі з пасады начальніка аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, не працягнуўшы працоўны кантракт. Герашчанка - Андрэй Герашчанка — адзін з падпісантаў звароту да Ўладзіміра Пуціна ад «расейскіх суайчыньнікаў у Беларусі», у якім віталася  далучэнне Крыму да Расіі.

Што да «Бессмяротнага палка», то ён і раней браў удзел у гэткіх акцыях. Што здзіўляе ў сёлетняй – гэта пасыл пра тое, што «наличие портретов родственников - участников ВОВ – приветствуется». Раней гэта было самай адметнай рысай акцыі і галоўным сэнсам яе правядзення.

Сяргей Пятроў