Нядзеля, 19 Май 2024

У Мёрах за згубу ваеннага білета галоўны інжынер абышоўся папярэджаннем

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома, у Мёрах месяц таму, 24 красавіка, судзілі галоўнага інжынера мясцовага прадпрыемства Сяргея Дайко. Падставай стала тое, што ён згубіў ваенны білет і своечасова пра гэта не паведаміў. Судзіла яго суддзя Мёрскага суда Ірына Яскевіч паводле часткі 1 артыкула 26.3 КаАП РБ - Парушэнне абавязкаў па воінскім уліку.

Галоўнага інжынера вінавацілі ў тым, што ён пры пераедзе з адной вуліцы на іншую у г. Мёры, згубіў ваенны білет  і своечасова не звярнуўся ў ваенны камісарыят па яго аднаўленне. Як аказалася, на гэта даецца толькі тыдзень.

Гэтае правапарушэнне, паводле пастановы суда, было выяўлена якраз падчас таго, калі жыхар Мёраў звярнуўся з заявай па аднаўленні ваеннага білета з цягам часу.

Сяргей Дайко на суд не з’явіўся, ён хадайнічаў аб разглядзе справы ў яго адсутнасць, віну ў здзяйсненні правапарушэння прызнаў і выказаў згоду на вызваленне яго ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.

Суддзя Ірына Яскевіч пайшла насустрач галоўнаму інжынеру, спыніла справу аб адміністрацыйным правапарушэнні і вызваліла яго ад адказнасці.

Таксама яна папярэдзіла Дайко аб недапушчальнасці супрацьпраўных паводзін з яго боку і наступленні адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне цягам года такога ж адміністрацыйнага правапарушэння.

Сяргей Лушкін