Серада, 23 Жнівень 2023

Замест сучаснага інтэлектуальнага фестываля «Справа» у Чашніцкім раёне правялі рамесніцкі фэст

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Фестываль «Справа» з 2017г. ладзілі ў вёсцы Белая Царква энтузіясты, захопленыя ідэяй сабраць у гэтай маляўнічай мясціне музыкаў, мастакоў, архітэктараў, дызайнераў і гледачоў – аматараў прыгожага і незвычайнага. Тут ладзілі кінапаказы і канцэрты на плавучай сцэне, у разбуранай царкве гучалі музыка і спевы, ахвотныя трапіць на фэст загадзя куплялі квіткі, каб правесці два дні ў незвычайнай абстаноўцы... Селета арганізатары абвясцілі, што імпрэза адмяняецца, не называючы прычынаў.  Найхутчэй, проста не атрымалі дазволу на правядзенне мерапрыемства, дзе заўсёды збіраецца вольная творчая моладзь... У тым самым месцы ўлады арганізавалі ўласны фестываль, які назвалі «Добрая справа». І ён блізка не быў падобны да таго, што тут бывала раней.

На фестываль «Добрая справа» запрасілі мясцовых рамеснікаў і ўдзельнікаў клубаў народнай кухні. Атрымаўся ўжо знаёмы ўсім фармат «горада майстроў» з продажам сувеніраў і выступамі спачатку чыноўнікаў, а потым мастацкай самадзейнасці. Фотарэпартаж пра гэтую імпрэзу  апублікавала раённая газета  «Чырвоны прамень». Каб параўнаць з тым, што адбывалася падчас сапраўднай «Справы», дастаткова паглядзець мінулагодні фотарэпартаж «раёнкі» або пагартаць фотаздымкі тут ці тут.

Раённаму аддзелу культуры не ўдалося арганізаваць імпрэзу такім чынам, каб яна зацікавіла ранейшых наведнікаў фэсту. Яна атрымалася звычайнай, шэраговай, без узлёту фантазіі і натхнення.

Арганізатары сапраўднай «Справы», абвясціўшы, што селета фестываль ладзіць не будуць, абяцалі правесці яго ў 2024 годзе.

Каб лепей уявіць сабе, што страціў рэгіён, прамяняўшы сучасны інтэлектуальны фестываль на псеўдафальклорнае свята, рэкамендуем пачытаць пра тое, з чаго пачыналася «Справа» і якія перспектывы бачылі арганізатары незвычайнага фестывалю.

 Ганна Чарэйская