Аўторак, 22 Жнівень 2023

Гарвыканкам адмовіўся назваць адну з вуліц Віцебска імем Генадзя Бураўкіна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адмову атрымалі складальнікі петыцыі, якія звярталіся да гарадскіх уладаў з просьбай або перайменаваць адну з вуліц абласнога цэнтра, або назваць імем Генадзя Бураўкіна новую вуліцу. У лісце, падпісаным, намеснікам старшыні гарвыканкама Паўлам Манаком, прызначаным на гэтую пасаду два з паловай месяцы таму, гаворыцца, што больш мэтазгодна ўшанаваць памяць выбітнага паэта і грамадскага дзеяча ў Менску, Полацку ці Расонах. Маўляў, з гэтымі населенымі пунктамі найбольш цесна звязаны яго жыццёвы і творчы шлях.

У адказе ўраджэнца Шуміліншчыны Паўла Манака нічога не гаворыцца пра тое, ці гатовы чыноўнік звярнуцца з такой прапановай, прыкладам, у Полацкі або Расонскі райвыканкамы. Але ў абласным цэнтры мець вуліцу ў памяць пра чалавека, які з 1990 па 1994 гады займаў пасаду Пастаяннага прадстаўнiка Беларусi пры Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый – першага ў гiсторыi незалежнай Беларусi, а пазней быў нaмecнiкaм мiнicтpa кyльтypы і друку Беларусі, чыноўнік не лічыць патрэбным.

Нагадаем, ідэя пра наданне вуліцы ў Віцебску імя Генадзя Бураўкіна звязана з тым, што ён нарадзіўся на Віцебшчыне, у Расонскім раёне. Дзяцінства паэта прайшло ў Полацку. Аднак ні ў абласным цэнтры, ні ў Расонах, ні ў Полацку няма вуліцы, якая насіла б ягонае імя.

У 2014г. з прапановай ушанаваць памяць пра Генадзя Бураўкіна выступалa Віцебская абласная рада грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” : чальцы рады звярталіся да тагачасных прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова. У звароце былі прапановы назваць у гонар Г.М. Бураўкіна вуліцы ў Мінску, Полацку, Расонах і прысвоіць імя Г.М. Бураўкіна адной з бібліятэк на радзіме паэта (на Віцебшчыне). Ніводная з прапановаў не ажыццявілася.

Міхась Хмара