Серада, 23 Жнівень 2023

Ліфт у пастаўскай лякарні ўлады рамантавалі паўгода

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

І той час, калі ён запрацаваў, мясцовая раёнка выставіла як значную падзею. Як піша “Пастаўскі край”, апошнія паўгода ні адна прамая лінія ў кіраўніцтва раёна і лякарні не праходзіла без пытання “калі адрамантуюць ліфт у паліклініцы ЦРБ?”

Ліфт запрацаваў толькі 8 жніўня, пасля паўгода рамонту. Паводле раёнкі, рамонт зацягнуўся на такі працяглы тэрмін таму, што стацыянарныя пад’ёмнікі, такія, як у пастаўскага ліфта, больш не вырабляюць. І таму рамонтнікам спатрэбілася пашыраць шахту.

Паводле загадчыцы паліклінікі Патаўскай ЦРБ Таццяны Дацэнка, яны не хацелі прычыняць нязручнасці людзям з парушэннямі апорна-рухальных функцый, таму пасля папярэджання медрэгістратара ўсе лекары часова прымалі іх у кабінеце №14 на першым паверсе паліклінікі. Таксама ў гэты кабінет пускалі медсясцёр для забору аналізаў і перавязкі. На першым паверсе можна было зрабіць УЗІ, рэнтген і ЭКГ. Стаматалагічную дапамогу яны аказвалі ў спецыялізаваным кабінеце каля прыёмнага пакою.

Але нягледзячы на гэта, адсутнасць рабочага ліфта выклікала ў наведвальнікаў дыскамфорт. Як сцвярджае Таццяна Дацэнка, зараз болевая кропка ліквідаваная, і ўсе задаволеныя.

Па звестках “Пастаўскага краю”, кошт работ па запуску ліфта склаў 132 тысячы беларускіх рублёў,  гэта крыху больш за 52 тысячы даляраў.

Ігар Лукашэвіч