Панядзелак, 24 Ліпень 2023

Газеты Віцебшчыны тыражуюць матэрыялы СК, распальваючы міжнацыянальную варажнечу паміж беларусамі і ўкраінцамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Вядзецца пра так званых «тэлефонных тэрарыстаў з Украіны», якія раней нібыта «змушалі беларусаў браць крэдыты ў банках і пералічваць ім грошы», а цяпер яшчэ і «схіляюць да дыверсій у Беларусі». Яшчэ месяц таму, распавядаючы пра занадта даверлівых мясцовых жыхароў, якія пасля званкоў на «Вайбер» пералічвалі грошы тэлефонным махлярам, дзяржСМІ пісалі хіба пра тое, што пацярпелыя нібыта заўважалі ўкраінскі акцэнт падчас гаворкі. Цяпер газеты, цытуючы матэрыялы СК, адназначна заяўляюць, што махляры – грамадзяне Украіны, і гэтых людзей цікавіць ужо не толькі незаконнае адыманне грошай, але і здзяйсненне тэрарыстычных актаў па загадзе нейкіх таямнічых міжнародных структур.

Раней супрацоўнікі МУС перыядычна канстатавалі, што высвятленне асобаў махляроў – вельмі складаная справа, бо тэлефонныя званкі з перакананнямі пералічыць грошы паступаюць з-за мяжы.

Сітуацыя ў асвятленні гэтай праблемы беларускімі дзяржаўнымі медыямі кардынальна змянілася пасля выхаду фільма ОНТ «На посадку» («АТАКА НА БАЗУ ОМОН: кто и зачем совершил теракт в Беларуси»). У ім распавядаецца пра расследаванне СК адносна падзеяў 2021г.: тады нібыта была здзейснена спроба тэракту – нападу на базу АМАПу з дапамогай дрона, які прывезлі ў Беларусь з Украіны. З падачы Следчага камітэта, газеты ўзяліся мусіраваць «украінскую тэму».

У артыкулах пра «махляроў з Украіны, якія перайшлі да новай, тэрарыстычнай тактыкі», што цягам апошняга тыдня выйшлі ў бальшыні дзяржаўных выданняў Віцебшчыны, згадваюцца тры выпадкі. Гэта людзі, якіх нібыта змушалі падпаліць службовую міліцэйскую машыну, машыну дырэктара банка і ваенкамат у Баранавічах. СК сцвярджае, што тэлефанаванні былі з тэрыторыі Украіны, аднак не ўказвае, ці былі махляры грамадзянамі гэтай дзяржавы, на тэрыторыі якой сёння ідзе вайна, і дзе прысутнічаюць расейскія вайскоўцы і наёмнікі.

Тым не менш, віцебскія дзяржСМІ старанна пашыраюць меркаванне, што гэта «украинские злоумышленники, ведомые своими западными кураторами, стремятся таким образом расшатать моральные и политические устои наших белорусов».

Таццяна Віктарава