Савет вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста СПБ Віктара Стукава, што той перашкаджаў дзейнасьці арганізацыі. Актывіст даводзіў у судзе, што прыйшоў туды па сямейным пытаньні, а «перашкодзіў» тым, што папрасіў кнігу заўваг і прапаноў.

Незалежны журналіст Зьміцер Лупач абскарджваў у Віцебскім абласным судзе рашэньне суду Браслаўскага раёну. Разгляд скаргі адбыўся 10 кастрычніка. Вынік разгляду: пастанова райсуду пра штраф у 36 базавых велічыняў (882 рублі) за парушэньне артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) пакінутая бязь зьменаў.

10 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе разглядалася касацыйная скарга сяброўкі аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Алены Янушкоўскай. Актывістка аспрэчвала рашэньне суду Віцебскага раёну, які 5 верасьня аштрафаваў яе на 12 базавых велічыняў (294 рублі) за ўдзел у недазволеным уладамі пікеце.

Савет вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Віктара Стукава ў перашкодзе дзейнасьці вэтэранскай арганізацыі. У выніку ўчастковы інспэктар склаў на яго два адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Суд прызначаны на 16 кастрычніка.

Аддзел прымусовага выкананьня Першамайскага раёну Віцебску 18 верасьня распачаў выканаўчае справаводзтва ў дачыненьні віцябляніна Міколы Качурца, каб спагнаць зь яго адміністрацыйны штраф у памеры 24,50 рублёў на карысьць УУС Менскага аблвыканкаму. Копію пастановы аб распачынаньні выканаўчага справаводзтва Мікола Качурэц атрымаў толькі 2 кастрычніка.